202. На кухню - з перакладчыкам

    Распачаў, скарыстоўваючы летні адпачынак, рамонт у кватэры. І нібыта трапіў у замежжа, а яшчэ дакладней – у старажытны Вавілон падчас стоўпатварэння. Майстры (нашы, беларускія) нешта кажуць, раяць, як і што лепш зрабіць, але каб зразумець іх – хоць перакладчыка выклікай.
    Ставілі на днях новую кухню. Дык усё дапытваліся, патрэбен “скіналі” ці не патрэбен. Пераглядваемся з жонкай: каб жа ведалі, што гэта такое, адказалі б. А гэта, аказваецца, звычайная дэкаратыўная панэль, якая закрывае сцяну паміж верхнімі і ніжнімі шафамі кухоннага гарнітура. Яе паверхня выканана з таго ж матэрыялу, мае той жа колер і размалёўку, што і…”пацформінг”. “Ну, калі “скіналі” такое ж (такі? такая?), як “пацформінг”, тады ўсё зразумела”, - пакпіў бы гумарыст. А адмысловец тлумачыць: “пацформінг” – гэта сталешніца. Добра, хоць па-руску растлумачыў, усё ж руская мова – другая дзяржаўная, зразумелая ўсім. І толькі рэдка хто прыгадае, што ёсць у гэтай дэталі мэблевага гарнітура і беларуская назва – стальніца. У некаторых нашых палескіх вёсках, праўда, так называюць яшчэ і ўвесь верх стала разам з шуфлядамі. Вось як яно атрымліваецца: здавалася б, і рэч не выйшла з шырокага ўжытку, а беларускае слова ўжо пакрылася досыць тоўстым пластом забыцця.
    Яшчэ адно дзіўнае слова – “барамікс”. Як пачую яго, дык Бармалей адразу ўяўляецца. Між тым гэта адмысловая тынкоўка з каменьчыкамі, якую ў нас яшчэ толькі апрабоўваюць, пакрываюць ёю сцены калідораў, кухняў у кватэрах. Адкуль такая назва – ніхто не ведае. Як, зрэшты, не ведаюць людзі, адкуль узялося слова “фіцінг”. Ім майстры імянуюць  усялякае дробнае сантэхнічнае начынне…
    Вось так дзень да дня, тыдзень да тыдня слухаю майстроў, дапытваюся, што абазначаюць новыя для мяне словы, а ў галаве круцяцца словы нашыя спаконвеку, але для многіх сучаснікаў, мусіць, яшчэ больш дзіўныя, чым прыведзеныя вышэй замежныя. Ну, хоць бы такія: “юрок”, “асноўніца”,  “цэўка”, “ручэйка”… Бабулі ў вёсках, ведама, адразу ж успомняць, што “юрок” – гэта драўляная лапатка з дзвюма альбо чатырма дзірачкамі для матання ніткі ў клубок (дзякуючы яму паскараецца працэс матання, ён жа засцерагае пальцы ад парэзу ніткаю, а галоўнае – з яго дапамогай клубок атрымліваецца вельмі шчыльны, нібы камень), што “асноўніца” – прылада для снавання нітак, з якой яны пасля пераносяцца на кросны (ткацкі варштат), што “ручэйка” – верацяно з наматанай на яго ніткай, што “цэўка” – трубачка з наматанаю на ёй ніткаю ў адмысловым чаўнаку, з дапамогай якога прасоўваюцца папярэчныя ніткі саматканага палатна. Такіх вось спаконвечных адміраючых слоў, якія тычацца аднаго толькі ткацтва, налічыў паўсотні. Хто іх ведае? Між тым саматканыя рэчы ў кожнай сям’і ёсць, у тым лiку гарадской.
    Якраз у тэму нядаўняя перадача на канале “Дыскаверы” пра ткацтва ў Англіі. Гляджу на экран і вачам не веру – гэта ж дакладна нашы, палескія, беларускія кросны да апошняй “цыпкі”-трысцінкі. Пакуль вядучая распавядала пра тое, як нейкі майстар мадэрнізаваў вытворчасць (прыдумаў, каб “чаўнок” сам слізгаў туды-сюды папярок палатна, а не рукамі яго закідаць то злева, то справа) і такім чынам у некалькі разоў павялічыў прадукцыйнасць працы, я разважаў-гадаў, ці то нашыя продкі паралельна з англічанамі прыдумалі абсалютна ідэнтычныя варштаты, ці нехта ў некага запазычыў канструкцыю. І калі запазычыў, то хто ў каго? На карысць таго, што мы, ва ўсялякім разе, нічога не запазычалі, тое, што ўсе дэталі кроснаў маюць спракаветна славянскія назвы ды яшчэ з тутэйшым дыялектным каларытам. А яшчэ ж з гісторыі ведаем, што продкі нашыя ў старажытныя часы пастаўлялі ільняное палатно ў шмат якія краіны, у тым ліку ў Англію. А лён тады  на гандлёвым шляху з варагаў у грэкі быў мярылам вартасці тавару, як тыя ж золата, серабро і да т.п.
    Вось бы яшчэ дазнацца, ці ёсць у англійскіх назвах дэталяў і вузлоў кроснаў хоць бы напамінак пра славянскае паходжанне слоў. Ну, няўжо толькі мы аднекуль запазычаем лексіку!? Не, і нашымі словамі здаўна карыстаюцца іншыя народы. Дык каму-каму, а нам грэх хаваць ад сябе і суседзяў уласныя моўныя скарбы і карыстацца чужымі. Бывае, схаваеш нешта гэтак надзейна, што і сам пасля не знойдзеш. Вось жа закапалі недзе сваю стальніцу, дык цяпер чужым пацформінгам карыстаемся.


Опубликовано: 21:00 - 31.12.1969г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.