Ала Занька:«Традыцыі ганцавіцкіх майстроў абавязкова атрымаюць працяг»

Нас, беларусаў, заўсёды вылучалі паважлівыя і беражлівыя адносіны да сваёй нацыянальнай культуры. Хаця, канешнеж ж, на нашым гістарычным шляху былі і перыяды, калі сфера культуры перажывала не самыя лепшыя часы. Сцвярджаць так я магу сыходзячы з уласнага жыццёвага і працоўнага вопыту – як-ніяк мой працоўны стаж у галіне культуры налічвае амаль чатыры дзесяцігоддзі. Таму мне давялося на свае вочы пабачыць, у якім непрыглядным стане апынуліся многія нашыя ўстановы культуры напрыканцы васьмідзясятых – пачатку дзевяностых гадоў. Аднак нашыя культработнікі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, не далі згінуць культурным здабыткам свайго народа. І ў гэтым ім велізарную падтрымку аказала дзяржава.

 

Гэта добра можна пабачыць на прыкладзе нашага Ганцавіцкага раёна, дзе шмат зроблена для захавання мясцовых народных промыслаў і гістарычнай спадчыны. Так, у 1996 годзе ў вёсцы Ганцавічы быў адкрыты Дом народнай творчасці, які стаў першапачатковай пляцоўкай для работы мясцовых рамеснікаў. Гэты вопыт аказаўся даволі ўдалым – і ўжо ў 1997 годзе сваю працу распачаў наш раённы Дом рамёстваў. Праз пяць гадоў у Ганцавічах свае дзверы для наведвальнікаў упершыню расчыніў раённы краязнаўчы музей. А напрыканцы 2017 года будынак Дома рамёстваў быў капітальна адрамантаваны і атрымаў прыгожы сучасны выгляд.

 

Гаворачы пра нашу ўстанову, хачу асабліва заначыць, што нам пашчасціла адчуць падтрымку сваёй дзейнасці на самым высокім узроўні – Прэзідэнта Беларусі. Так, у 2002 годзе Ганцавіцкі раённы Дом рамёстваў атрымаў Прэзідэнцкі грант на развіццё ткацтва. А ў 2011 годзе наш калектыў быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта “За адраджэнне і захаванне народных рамёстваў, далучэнне моладзі да традыцыйнай культуры”. Высокую ўзнагароду тагачаснаму кіраўніку Дома рамёстваў Марыі Муха ўручыў асабіста Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне” – і гэта была вельмі значная падзея не толькі для самой установы, але і для ўсяго нашага раёна.

 

Дзякуючы створаным дзяржавай добрым умовам для творчасці, народныя рамёствы на Ганцаўшчыне атрымалі новы імпульс для свайго далейшага развіцця. За час існавання ўстановы чатыры нашых рамесніка атрымалі ганаровае званне “Народны майстар”, а нашыя работы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі на шматлікіх нацыянальных і міжнародных конкурсах. Аднак самае галоўнае – да нас на заняткі масава пайшлі дзеткі і моладзь. Так што, упэнена, старадаўнія традыцыі ганцавіцкіх майстроў абавязкова атрымаюць свой далейшы працяг.  

 

Опубликовано: 10:00 - 10.07.2020г.
Поделиться новостью

Комментарии ()

    Вы должны авторизоваться/зарегистрироваться, чтобы оставлять комментарии.