кондрат31-4.gif5890875fa80e1

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

21
Ноября
Среда
FB TW VK OK
okon_vesna.gif58c1585bf2bad
Баннер не установлен
wot.jpg5bc5985a3b71c
raspisanie_brest_3.jpg5a72cab07d02e
rod.jpg5a96ad12c3b7c
Что? Где? Когда?
Как вы оцениваете качество, оказываемых ЖКХ услуг?
Курс валют в Бресте и области
IMG_9276.jpg5ae30ff6be03c

Постаці малой Радзімы. Сцепаніда Сцепанюк

14:56 27.04.2018

Сцепаніду Сцепанюк, народнага майстра Беларусі з вёскі Дарапеевічы называюць легендай Маларыцкага раёна, бо лепшай за яе ткачыхі тут не знайсці.

Сцепаніда Аляксееўна тчэ з васьмі гадоў (як стала даставаць нагамі “поножы”). Яна і зараз, у свае восемдзесят два, па-ранейшаму за кроснамі. Можа, гэта яны даюць жанчыне столькі энергіі? Сядзець без справы яна не ўмее. Ды і не хочуць яе рукі спакою! То хлеб спякуць, то іншую страву згатуюць, то нешта вышыюць, выткуць... 

Сцепаніда Сцепанюк з працавітай сям’і, дзяцей у яе бацькоў было чацвёра. Жылі цяжка, таму малым было не да гульняў. Спачатку Стэпе даверылі ткаць мяшкі для гародніны, потым – палатно на сарочку, абрусы, пакрывалы. У асноўным дзяўчынка дапамагала старэйшай сястры, бо ткаць, як вядома, лепш удвух. Мама ж прала тонкі лён на спадніцы і сарочкі, а Сцепаніда – пакулле на бялізну. Ішла Вялікая Айчынная вайна, таму, каб у нешта апранацца, працавалі і ноччу. Асабліва зімой.

– Спаць хацелася, але трэба было прасці, бо дзень праводзілі ў полі і ў школе, а ўвечары рабілі ўрокі, – успамінае Сцепаніда Аляксееўна.  

...Нарадзілася яна ў снежні 1935 года на хутары, што за тры кіламетры ад Дарапеевічаў. Запісалі дзяўчынку ў сельскай царкве. Падчас вайны немцы прымусілі хутаран перабрацца ў вёску. Там сям’я Сцепаніды і засталася. Потым у Дарапеевічах дзяўчына выйшла замуж, нарадзіла сына і дачку...

– Прыгожы быў наш хутар, але там лес павыразалі, поле зрабілі. Я памятаю, як стаялі дамы, як бацька выкапаў пад нашай хатай сажалку... Мы купаліся ў ёй, – успамінае жанчына. – Цягне мяне туды. Хочацца, каб усё зноў было так, як раней. Шкада, што нічога не вярнуць. У нас жа людзі вельмі добрыя былі. Адзін аднаго не прадавалі. З павагай да суседзяў ставіліся, падтрымлівалі. Калі адзін жыта не выжаў, нешта не дакапаў – іншыя дапамагалі. Лён разам трапалі, пралі... У Дарапеевічах і сёння дружныя людзі жывуць. Але мала ўжо засталося старых жыхароў – больш прыезджых.

Хата Сцепаніды Сцепанюк для многіх здаецца несучаснай, бо ўсё тут саткана сваімі рукамі: дываны, дарожкі, ручнікі, шторы... Зразумела, з нанесеным на іх традыцыйным маларыцкім арнаментам  – сімваламі жыцця, сонца, моцнай сям’і...

Найбольш майстрыха любіць ільняныя ніткі, і, бадай, толькі ў яе яны атрымліваюцца такімі на дзіва тонкімі. Дарэчы, жанчына дагэтуль карыстаецца драўляным прасам і выбельвае тканіну попелам! Нічога, што за акном ХХІ стагоддзе, але менавіта дзякуючы ёй у раёне і жывуць традыцыі мінулых пакаленняў. Гэта ж Сцепаніда Аляксееўна аднавіла забытую тэхналогію ткацтва «кажушком», з дапамогай якой на Маларыччыне стваралі надзвычай прыгожыя спадніцы. Менавіта баба Стэпа, як называюць яе ў Дарапеевічах, саткала копію мамінай вясельнай сукенкі па старым фотаздымку. І гэта яе рукамі па старадаўняй тэхналогіі былі выраблены жаночыя сцэнічныя касцюмы для заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь – ансамбля танца «Радасць» Брэсцкага ГДК.

– Ткаць цяжка... Гэта вельмі карпатлівая праца. Трэба мець цярпенне, упартасць, уседлівасць, – заўважае майстрыха.

Дарэчы, сярод яе блізкіх ткаць умеюць усе, нават мужчыны.

– Калі ўнукі Уладзіслаў і Сяргей былі маленькія, то ткалі, а цяпер ужо дарослыя, дык ногі не ўлазяць за кросны, – усміхаецца Сцепаніда Аляксееўна. – А вось васьмігадовая праўнучка Даша вельмі цікавіцца ткацтвам. Яна са мной і на сцэну з пяці гадоў выходзіць, калі ўдзельнічаем у паказах народных строяў. Умее спяваць, танцаваць і ткаць проста (без узору), калаўрот круціць. Я лічу, што нават у наш час дзеці павінны вучыцца, напрыклад, прасці. Гэта можа спатрэбіцца ў жыцці.

Зараз Сцепаніда Аляксееўна вучыць сакрэтам ткацтва ручнікоў, спадніц, сарочак сваю дачку Валянціну Гатоўчыц, а тая – вучняў Школы творчасці, што дзейнічае пры Дарапеевіцкім сельскім Доме культуры. Народны майстра Беларусі з’яўляецца яшчэ і метадыстам-майстрам Маларыцкага раённага Цэнтра народнай творчасці. Там яе калегі ўжо даўно перанялі ад Сцепаніды Сцепанюк традыцыйныя тэхналогіі ткацкай справы. Разам яны зрабілі нямала цікавых рэчаў.

– Дарослым падабаецца вучыцца, а дзеці ў малодшым узросце яшчэ цікавяцца, а як падрастаюць – ужо не так, – заўважае Сцепаніда Аляксееўна. –  Гэта раней вымушаны былі ткаць усе, бо ўся вопратка была адпаведнай. Насілі тое, што зрабілі. Але і цяпер некаторыя любяць такія рэчы, асабліва ільняныя. Праўда, большую цікавасць да саматканай вопраткі праяўляюць артысты. Чалавек адчувае сябе больш здаровым, носячы ільняныя вырабы. Сёння аб гэтым мала хто думае. Маладым прасцей нешта купіць.

Сцепаніда Аляксееўна з радасцю згаджаецца саткаць некаму, напрыклад, дарожкі ці ручнікі. Ахвотна пашые, калі трэба, касцюм ці камізэльку. Сярод заказчыкаў ёсць і вядомыя людзі! Яе ўнікальныя творы экспануюцца на абласных і рэспубліканскіх выставах, фестывалях, святах.

Сцепаніда Сцепанюк – удзельніца праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Народная творчасць без межаў», які рэалізуецца ў рамках праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства Беларусь-Украіна. Ён накіраваны на фармаванне спрыяльных умоў для захавання і папулярызацыі элементаў традыцыйнай народнай культуры беларуска-ўкраінскага памежжа.

Дарэчы, у мінулым баба Стэпа – прафесійная швачка, у Дарапеевіцкім Доме быту адпрацавала больш за два дзесяцігоддзі. Але не толькі ткацтвам ды іншым майстэрствам сваіх рук славіцца Сцепаніда Сцепанюк.

Ужо чвэрць стагоддзя яна спявае ў дарапеевіцкай праваслаўнай царкве. Кажа, мясцовыя жыхары зацягнулі ў хор амаль сілком, бо ні для кога не сакрэт, што ў гэтай працавітай жанчыны яшчэ і прыгожае сапрана. Спачатку спявала ў школьным хоры, пасля стала (і з’яўляецца сёння!) салісткай фальклорнага калектыву Дарапеевіцкага СДК, куды прыйшла яшчэ ў дзявоцтве. Мажліва, прыгожы голас і любоў да музыкі перадаліся ёй ад бацькі, які добра іграў на гармоніку.

Народны майстар Беларусі Сцепаніда Сцепанюк мае шмат узнагарод, у тым ліку грамадскі ордэн «За вернасць Айчыне», створаны па ініцыятыве беларускай інтэлігенцыі ў падтрымку таленавітых самадзейных майстроў. На ім – кляймо брэсцкага ювеліра Мікалая Кузьміча, заслужанага дзеяча мастацтваў  Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё важна, але найбольш Сцепаніду Аляксееўну радуе іншае.

– Прыемна, калі іду па вуліцы, а дзеці крычаць: «Добры дзень, баба Стэпа!» і ўсміхаюцца. Я гатова іх абняць! – гаворыць жанчына.

Автор
Алёна САКАЛОЎСКАЯ

Комментарии

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!