кондрат31-4.gif5890875fa80e1

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

21
Ноября
Среда
FB TW VK OK
каравелла.jpg5bd83ecf91ad7
Баннер не установлен
lestv.gif537ef1827c008
raspisanie_brest_3.jpg5a72cab07d02e
rod.jpg5a96ad12c3b7c
Что? Где? Когда?
Как вы оцениваете качество, оказываемых ЖКХ услуг?
Курс валют в Бресте и области
20180415_131642.jpg5adda8a4947f0

Світанкі на хутары паблізу Лунінца

12:34 23.04.2018

Хутарам гэтае хараство язык не паварочваецца называць, просіцца іншае слова – сядзіба. Яна не сказаць, каб багатая, дый не дужа акультураная па сучасных мерках, а вось па памерах – тры гектары – чаму б і не.

Самая што ні ёсць глыбіначка. Гэта нічога, што чатыры кіламетры ад Лунінца, затое сапраўдны хутар-сядзіба з уласным грыбным лясочкам, сажалачкамі, садам, ягаднікамі і вінаграднікамі... Сойкі, дразды ўюцца ў двары, курапаткі чародкамі бегаюць, стракатыя сарокі стракочуць... З акна дома назіраць за імі – любата. А па восені вожыкі ў дворык забягаюць павітацца… На ганку пад столлю ў кутах – ластаўчыныя гнёзды-глечыкі, нібы з каракуля зробленыя. Сядзіш улетку на лаве пад тымі каракулевымі глечыкамі, а птушкі нуль увагі – шусь каля тваёй галавы, ледзь не кранаючы чупрыну вострым крылом, у дзірачку гняздзечка з кузюркаю ў дзюбе, а тады шусь назад паражняком. А ў шэранькіх глечыках птушаняткі варушацца ды папіскваюць.

Дзікая прырода тут не проста суседнічае з цывілізацыяй, а як бы яны накладваюцца адно на адно і ўзаемадапаўняюць адно другое, упрыгожваюць, ды так гарманічна, што сэрцу ў грудзях цесна.

Але ж і працы тут… Ды ў такім райскім кутку яна толькі ў радасць. Выйдзеш восеньскай раніцай з нажоўкай ды голле яблынь, груш, персікаў, сліў, абрыкосаў, алычы, вішань… абрэжаш-абцярэбіш у садзе, у двары, паабапал плота. Пасля садовым варам зрэзы апрацуеш. Возьмеш рыдлёўку, абкапаеш як след ствалы тых самых садовых дрэў – люба паглядзець, і целу напруга карысная. Возьмеш сякеру ды дровы насячэш...

Зіма прабегла хутка. Гэта самая лёгкая пара года для вяскоўца. Яна дае магчымасць пасядзець ля вокнаў за камп’ютарам і кнігамі, часопісамі, газетамі нават сярод белага дня. Такога белага, што гэтая бель вочы адбірае. Узгадваю снежныя і марозныя дзянькі. У напаленай хаце цёпла і ўтульна, патрэскваў у грубцы агменьчык. За акном, метрах у трох-пяці ад яго, на прасторнай, як стол, кармушцы (знарок так блізка прымастаколіў ладны кавалак фанеры, каб любавацца) мітусяцца, нібы рой, дзясяткі сінічак. Час ад часу іх зганяюць вялізныя сойкі, хапаюць самыя вялікія кавалкі сухароў ці мяккай аладкі, некаторыя падкідваюць угару гэтыя кавалкі і ловяць разяўленай дзюбай, а пасля каўтаюць, іншыя адлятаюць на бліжэйшыя галінкі яблынь, якія ледзь не ўтыркаюцца ў акно (яны і ўтыркаліся б, калі б своечасова не былі абрэзаны). Падсілкаваўшыся, сойкі пачынаюць мяўкаць. Ведаў, што гэтыя птушкі крэкчуць-скрыгочуць, але каб мяўкаць. Спачатку думаў, што гэта нашая кошка Вавёрка (так назвалі, бо вельмі ж па дрэвах у родным лясочку альбо па яблынях любіць лазіць). Гэтае іх мяўканне забаўляе і здзіўляе. Цікава, гэта яны, як папугаі, перадражніваюць, капіруюць Вавёрчын голас, ці то гэта іх асабістая мова, другая пасля крыку-крактання? Залез у даведнік. Аказваецца, нават твор такі ёсць – «Сойка-перасмешніца». Але прывяду дакладную інфармацыю з дасведчаных крыніц: «Сойка – прадстаўніца сямейства крумкачовых. Велічынёй яна з галку-каўку. Апярэнне рудаватае, крылы і хвост – чорныя, надхвосце – белае, на плячах ярка-блакітныя пёркі з вузкімі чорнымі палоскамі. Ад кута рота ідзе вузкая чорная палоска – «вусы». Галава бялёсая з падоўжанымі белымі стракацінамі. Дарослыя сойкі вынішчаюць шмат такіх шкоднікаў, як хрушчы, вусачы, шашолкі, розныя лістагрызы, вусені шаўкапрадаў... Уласная песня соек не складаная – гэта хутчэй крык. Затое яны свабодна пераймаюць крыкі канюка, івалгі, салаўя, кудахтанне курыцы, брэх сабакі, рыпенне старога дрэва ці студні, мяўканне кацяняці».

Вось, аказваецца, якімі артыстамі шчасціць любавацца і слухаць іх мяўканне штодзень праз акно на адлегласці выцягнутай рукі. А з прыходам вясны птушынае рознагалоссе закладвае вушы.

Тым часам у густой лазе вінаградніку, нібы ўюны, жвава поўзаюць-уюцца рабыя і шыракалобыя дразды-рабіннікі – ласуюцца зморшчаным вінаградам, які застаўся пасля асенняга збору ўраджаю.

Вось налюбаваўся, і страчу на клавіятуры.

…Гэта было больш за трыццаць год таму. Я служыў у войску. Перапісваўся з дзяўчынай з вёскі Сасноўка Лунінецкага раёна – з хутара, дзе зараз пішуцца гэтыя радкі. Я дасылаў дзяўчыне свае вершы, а яна гэтыя вершы малявала. Малявала так, як бачыла творы. І сядзібу сваю з лясочкам, горкаю ды сажалкамі малявала і дасылала салдату. Магла, канечне, і сфатаграфаваць, але яна малявала. А салдату гэта вельмі падабалася. Таму як толькі дэмабілізаваўся, адразу ж на хутар-сядзібу, у Сасноўку, якая ўжо толькі па малюнках ды пісьмах дзяўчыны стала роднай.

Апынуўшыся ў паселішчы, папрасіў першага стрэчнага паказаць хату Васіля Рыгоравіча Харкевіча, бацькі дзяўчыны. Той задумаўся. Тады назваў мянушку, якую ведаў з пісьмаў, і той як бач ажывіўся:

– Так бы і сказаў, што Цары. Вунь хата з белымі вугламі ў глыбіні двара.

Мясцовае прозвішча Цары, Царовыя паходзіць ад продка Яўхіма Харкевіча, прычым зусім не ад яго царскага багацця. Проста, калі ён маладым юнаком маліўся ў мясцовай язвінскай царкве, то людзі азіраліся на яго і казалі:

– Нібы цар, стаіць наш Яўхім.

Акрамя таго, што Яўхім меў па-царску годную паставу ды што загінуў на руска-японскай вайне ў пачатку ХХ стагоддзя, больш пра яго ніякіх іншых звестак не захавалася. Дакладна вядома толькі, што набытае ім прозвішча не адышло ў нябыт. Калі аднаго з двух сыноў Яўхіма – Якава – называлі Царовым, дык Рыгора змалку ахрысцілі Царом. Нібы каранавалі. Вось толькі жыла яго сям’я зусім не па-царску. Рыгору яшчэ й дзесяці год не споўнілася, як абхадзіў жабраком усё наваколле. Праўда, не хлеб прасіў, а лазу. З лазы плёў лапці. І сабе, і на продаж. Часам выбіраўся з дарослымі на балота. Дык па дарозе, здаралася, мужыкі яго цягнуць разам з лазою на плячах, а на сушы дадуць колькі вярчоў (пучкоў-васьмёрак), і… цягні, хлопча, прывыкай з малога да цяжкай сялянскай ношы… І Рыгор прывыкаў. З трынаццаці год араў, сеяў, касіў упоравень з дарослымі. А самога было – ад зямлі два вяршкі і худы, як хварасцінка. Экзамен за чатыры класы здаў на «выдатна». Далей «у навуку», аднак, не пайшоў. Не да навукі, калі сям’ю карміць трэба. У 1920 годзе ажаніўся з аднагодкай Фядорай. Нягледзячы на тое, што жылі яны ў прыгранічнай зоне, на польскім баку, вяселле ім згуляць дазволілі. Адно папярэдзілі, каб не спявалі і не крычалі, бо непадалёку, у Мікашэвічах, «стаяць бальшавікі». У Рыгора на момант жаніцьбы сваёй зямлі было менш за гектар, а да 1938 года нажылі ажно 14, з якіх 8 – урадлівае ворыва. З дзяцей больш за ўсіх шчыравалі па гаспадарцы шаснаццаці- і васямнаццацігадовыя Кастусь і Васіль. Той самы Васіль Харкевіч, пра якога згадваў вышэй, – будучы бацька жонкі аўтара гэтых радкоў Тамары Васільеўны.

Адразу ж пасля шлюбу з маладзенькай Настассяй пачалася вайна, якая зрабіла Васіля-Цара інвалідам. Пад Берлінам быў паранены. Вярнуўся з Германіі ажно ў 1947-м з баявымі ордэнамі і медалямі, з якімі замест цацак, якіх не было, бавіліся дзеці. Бавіліся дый пагублялі, засталіся толькі ўзнагародныя кніжачкі. Толькі вярнуўся Васіль-Цар у родную Сасноўку, адразу ж стаў адным з арганізатараў калектыўнай гаспадаркі, доўга працаваў брыгадзірам. У іх хаце і сельская школа размясцілася.

Васіль Рыгоравіч і Настасся Трафімаўна нарадзілі і выгадавалі васьмёра дзяцей. Самы меншанькі Віктар студэнтам загінуў у авіякатастрофе, і малодшай засталася Тамара. У яе многа паэтычных радкоў пра сваю маленькую Радзіму, «дзе сэрца ніколі не чуе маны, дзе зорачкі ў небе звіняць на марозе, нібыта не зоркі яны, а званы». Яе вершы пра малую Радзіму гучаць як гімн роднаму кутку. Тамара Васільеўна – педагог.

***

І вось жыццё на царовай сядзібе працягваецца. Гаспадара Васіля Рыгоравіча даўно няма, але добрая памяць аб ім свята захоўваецца. У жывой яшчэ, дзякуй Богу, 96-гадовай Настассі Трафімаўны ўжо дваццаць адзін праўнук і вось-вось паявяцца прапраўнукі. Старэнькая гаспадыня сядзібы патрабуе пастаяннага догляду. І яна яго атрымлівае ў поўнай меры дзякуючы клапатлівым рукам і добраму сэрцу самай малодшай дачкі Тамары Васільеўны, з якою знарок перабраліся сюды з утульнай гарадской кватэры клапаціцца пра маці і гаспадарку. І што вельмі важна, яна мае догляд у сваёй роднай хаце, бо не ў сваім жытле, казала заўсёды, «я і дня не пражыву». То жывіце, жывіце, Настасся Трафімаўна. Вы, як і Вашая-нашая сядзіба, – цэнтр сусвету і прыцяжэнне-магніт для нас, прадаўжальнікаў царовага роду.

А колькі такіх маленькіх радзімак па ўсёй Беларусі! Вось-вось яны выбухнуць рознакаляроваю веснавою квеценню – агромністым падарункам-букетам мілай Айчыне, птушыным граем – урачыстым гімнам роднай зямлі, а ўлетку і ўвосень – водарам спелай садавіны, ягад, гародніны...

Але самы час адпачыць ад камп’ютара і заняцца справамі гаспадарчымі. У сенцах чакае бярозавае вецце для новага веніка. Трэба змудраваць яго і на досвітку падмесці ганак, прасторны падворак. Малая-вялікая Радзіма павінна быць чыстай, прыбранай.


Автор
Анатоль КРЭЙДЗІЧ

Комментарии

Uladzimir
15.05.2018 21:03:12
Анатоль, напісаў прачула - аж каранае за душу. Поспехаў табе!

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!