Таленавітым паэтам і
пісьменнікам 26 верасня ўручылі літаратурныя прэміі аблвыканкама імя Уладзіміра
Калесніка.
Урачыстае мерапрыемства
прайшло ў актавай зале Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і
было прымеркавана да 95-годдзя з дня нараджэння вядомага педагога,
літаратуразнаўцы, крытыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа Уладзіміра Калесніка.
Прэміі аблвыканкама лепшым прадстаўнікам літаратурнага асяроддзя Брэстчыны ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Вялічка.
– За дзесяць гадоў існавання
гэты конкурс даказаў сваю запатрабаванасць, дазволіў адкрыць мноства новых
таленавітых імёнаў. Сімвалічна, што ў юбілейны год нараджэння Уладзіміра
Калесніка мы праводзім цырымонію ўзнагароджвання лаўрэатаў прэміі ў сценах
гэтага ўніверсітэта. Менавіта з ім звязана большая частка працоўнага жыцця
Уладзіміра Андрэевіча. Таксама цудоўна, што непасрэднымі ўдзельнікамі сённяшняй
сустрэчы з’яўляюцца студэнты, а сярод лаўрэатаў прэміі ёсць прадстаўнікі
моладзі. Гэта значыць, што мы ўвачавідкі можам пераканацца ў пераемнасці
пакаленняў, – адзначыў Алег Іванавіч падчас мерапрыемства.
У галіне паэзіі лаўрэатам
прэміі стала жыхарка вёскі Мачуль Столінскага раёна Галіна Бабарыка. Высокай
адзнакі савета па прысуджэнні прэміі атрымаў яе зборнік лірыкі «Дарога ў
восень».
У галіне паэзіі прэмію
таксама атрымала Настасся Нарэйка з Камянца за паэтычны зборнік «Магдэбургскае
права маёй душы».
Кніга Фёдара Саевіча
«Беловежская пуща: моя судьба, моя любовь» была адзначана прэміяй у галіне
прозы. У гэтай жа намінацыі перамог жыхар вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна,
таленавіты мастак, паэт і пісьменнік Анатоль Галушка, які напісаў выдатную
кнігу «Яблычны спас». Улічваючы стан
здароўя пісьменніка, савет па прысуджэнні прэміі прыняў рашэнне ўручыць
узнагароду па месцы жыхарства.
У галіне дзіцячай літаратуры
прэмію атрымала аглядальнік газеты «Заря», маладая пісьменніца Алена Гневушава
з Брэста. Яе прыгодніцкая кніга «Замок тайн», па водгуках супрацоўнікаў
бібліятэчнай сістэмы рэгіёну, карыстаецца папулярнасцю сярод маленькіх чытачоў.
Дарэчы, займальныя аповеды Алены можна сустрэць і на тэматычнай старонцы
«Лучик», якая адрасавана дзецям і двойчы ў месяц публікуецца ў газеце «Заря».
У рамках мерапрыемства таксама былі ўручаны ўзнагароды рэспубліканскага маштабу. За паспяховую творчую, актыўную грамадскую дзейнасць і з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання дыпломы Саюза пісьменнікаў Беларусі атрымалі паэтэса, празаік и драматург Зінаіда Дудзюк, празаік і публіцыст, галоўны рэдактар «Астрамечаўскага рукапісу» Аляксандр Валковіч і дзіцячы пісьменнік Расціслаў Бензярук.
Ганаровай граматай галоўнага
ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага
аблвыканкама за актыўную грамадзянскую пазіцыю і грамадскую дзейнасць, за
значны ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны
ўзнагародзілі пісьменніка-публіцыста з Іванава Анатоля Дзянісейку.
– Творчыя людзі ва ўсе часы
рабілі наша жыццё больш яркім, глыбокім і шматгранным. І ўсё таму, што вы,
паважаныя пісьменнікі і паэты, умееце ствараць дзіўныя вобразы, умееце чуць
музыку ў словах, бачыце, адчуваеце і пішаце сэрцам, – звярнулася да гасцей
літаратурнага свята начальнік галоўнага
ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама
Таццяна Гагакава. – У сваіх творах вы захоўваеце самае дарагое, што ў нас ёсць,
– нашу сакавітую беларускую мову. За гэта вам вялікі дзякуй.
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Оставить комментарий: