кондрат31-4.gif5890875fa80e1

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

23
Октября
Понедельник
FB TW VK OK
Баннер не установлен
lestv.gif537ef1827c008
raspisanie_brest_.jpg59c20d5a7d471
obv.jpg5887175be6a38
Что? Где? Когда?
Каким мессенджером вы предпочитаете пользоваться?
Курс валют в Бресте и области
DSC_2984.jpg59c3683d352bd

«Новая зямля» – шыкоўны спектакль, які прыемна шакіруе

10:20 21.09.2017

Паставіць на сцэне твор, здаецца, зусім не сцэнічны, зламаўшы пры гэтым усе стэрэатыпы пра беларускую класіку, гэта і збіраўся зрабіць новы галоўны рэжысёр Брэсцкага тэатра лялек Аляксандр Янушкевіч. Прэм’ера спектакля «Новая зямля» прыемна ўразіла і шакіравала нават вядомых тэатральных крытыкаў. Цікавымі адкрыццямі здзівіў амаль кожны эпізод пастаноўкі. 

Упершыню ў гісторыі тэатраў лялек нашай краіны сцэнічнае ўвасабленне атрымала вядомая паэма Якуба Коласа, створаная ў 1911 – 1923 гадах. Яна заўжды лічылася энцыклапедыяй жыцця беларускага народа, але пастаноўка Аляксандра Янушкевіча ўспрымаецца не толькі як гісторыя – яшчэ і як аповед пра сучаснасць. Рэжысёр паспрабаваў паглядзець на класіку сродкамі лялек з сённяшняга дня, «пагутарыць» з гледачом аб жыцці. І гэта размова атрымалася вельмі далікатнай, шчырай, з тонкім гумарам. 


Спектакль на беларускай мове, які доўжыцца 90 хвілін з антрактам, адрасаваны падлеткам (14+) і дарослай аўдыторыі. Ён складаецца з 22-х сцэн, першая з якіх – «Вясна». У Якуба Коласа паэму адкрываюць радкі «Мой родны кут, як ты мне мілы», якія мы ўсе вучылі на памяць у школе, але ў спектаклі яны гучаць пазней, калі Міхасёвы дзеці пішуць з дарэктарам дыктант. 

А першае, што ўражвае тэатральную публіку, гэта музыка, бо яшчэ да таго, як нехта выходзіць на сцэну, яна кранае душу. За музычнае афармленне асаблівы дзякуй мінскаму кампазітару Аляксандру Літвіноўскаму. Разам з ім – усім стваральнікам спектакля, у тым ліку мастацкаму кіраўніку тэатра Міхаілу Шавелю, кіраўніку мастацка-пастановачнай часткі Дзмітрыю Паляшэнка, мастаку пастаноўшчыку Таццяне Нерсісян (г.Мінск). Дарэчы, у маштабным тэатральным праекце задзейнічаны ўвесь акцёрскі склад Брэсцкага тэатра лялек!


Выдатна выканалі першыя ў сваёй творчай кар’еры галоўныя ролі Раман Пархач (Міхась) і Лілія Верста (Ганна). Атрымаўся сапраўды выдатны дуэт (дарэчы, жывы план!). Глядач убачыў вельмі цёплыя адносіны мужа і жонкі, якія, хоць і могуць паспрачацца, усё ж аднолькава ставяцца да жыцця, бачачы яго радасць у сям’і, сваёй зямлі, працы на ёй... Гэта людзі з чыстай душой, якія умеюць і кахаць, і любіць. 

Міхась гатовы цягнуць на сабе ўсю сям’ю, што вельмі ўдала паказана ў сцэне «Пярэбары», калі гаспадар упрагаецца ў воз з самым каштоўным (жонка, дзеці) замест каня. Ён робіць усё, каб блізкія ні ў чым не мелі патрэбы і, як кажуць, адчувалі сябе людзьмі. Ганна – сапраўдная сялянская жанчына, якая не шкадуе сябе ў працы (нягледзячы на цяжарнасць, цягае вёдры з вадой і перасоўвае ложак). Хочацца па-добраму ўсміхнуцца, гледзячы, што дзеці ў яе нараджаюцца нібы «між справы»: вось з вялікім жыватом выйшла за нечым у сенцы, а вярнулася ўжо з малым на руках. Яна паспявае ўсё: і дзіця даглядзець, і пра мужа паклапаціцца, і справы ўсе зрабіць. Ганна заўжды гатова падтрымаць мужа, і ён для яе – надзейная апора.   


Ёсць у спектаклі месца і для інтымных момантаў, якія пададзены вельмі тонка і чыста. Сцэна кахання Міхася і Ганны, падчас якой гаворка пра праблемы дня не змаўкае, схавана ад вока старонніх, але як пяшчотна перададзена ў ёй адзінства душ і цел!  Сваё асабістае жыццё ў спектаклі Аляксандра Янушкевіча мае і дзядька Антось, які шчыра адданы сям’і і гаспадарцы свайго брата Міхася. Вось ён пайшоў на шчупака, а злавіў... русалку, у якую, здаецца, ператварылася маладая сялянка, што падглядвала за прыгожым рыбаком. Ён і сам, мабыць, не зразумеў, хто каго насамрэч злавіў! О, Антось умее атрымаць асалоду ад кожнай пары года, захапляючыся прыгажосцю і восені, і зімы, вобразы якіх у пастаноўцы нагадваюць рэальных жанчын. Карацей кажучы, многія сцэны ў пастаноўцы абыграны вельмі нечакана і цікава. 

Можна яшчэ ўзгадаць эпізод, калі Міхась напіўся. Гэта ж цэлы танец, настолькі па-мастацку ён пададзены! Вобраз спакуслівай Гарэлкі – яшчэ адна выдатная знаходка рэжысёра. 


А вось на Дзяды сям’я збіраецца за стол. Гаспадыня выносіць стравы – і залу напаўняе смачны пах самай сапраўднай ежы! Цудоўны «спецэфект»! Тут жа аб’яўлены антракт, падчас якога можна схадзіць у буфет, але такая магчымасць будзе толькі пасля пераезду тэатра. Спектакль «Новая зямля» ўвогуле рабіўся «з прыцэлам» на новы будынак, таму і дэкарацыі зроблены такія, каб тут умяшчаліся і там не здаліся малымі.

Пастаноўка атрымалася вельмі жывой. Нават абраз святога (Андрэй Палянскі) ў куце хаты быццам прымае ўдзел ва ўсіх справах і праблемах сям’і: слухае, суперажывае, дапамагае... 


Адзін з самых хвалюючых акордаў спектакля – фінальная сцэна, калі Міхась смяротна захварэў. Вобраз бязлітаснай Хваробы ў Алены Паляшэнка атрымаўся настолькі моцным, што ў многіх пацяклі слёзы. 

«Новая зямля» ў рэжысуры Аляксандра Янушкевіча – гэта новая вяршыня мастацтва Брэсцкага тэатра лялек. Можна сцвярджаць, што нічога падобнага брэсцкія гледачы яшчэ не бачылі. 


– Наш тэатр стаіць напярэдадні вялікіх падзей. Па-першае, мы распачынаем 55-ты тэатральны сезон. Па-другое, у гэтым сезоне ў 2018 годзе споўніцца паўвека з дня заснавання тэатра, – звярнуўся да першых гледачоў пастаноўкі «Новая зямля» мастацкі кіраўнік калектыву Міхаіл Шавель. – Па-трэцяе, мы выносім на ваш суд першую пастаноўку нашага галоўнага рэжысёра Аляксандра Янушкевіча, якая, на думку кіраўніцтва тэатра, стане пачаткам новага творчага этапу ў жыцці калектыву.  

– Гэты спектакль можна глядзець шмат разоў. Тут вялікая колькасць творчых знаходак! – сказала журналісту «Заря» тэатральна-музычны крытык газеты «Культура» Надзея Бунцэвіч (г.Мінск). – Характары персанажаў усе вельмі яркія, тэмпарытм пастаноўкі цудоўны. А як працуюць артысты!.. Яны выдатна чытаюць вершы, ператвараючы іх у народны гоман. Зусім няма адчування, што гэта глабальная эпічная паэма. Ёсць сапраўднае жыццё. Шыкоўнейшы спектакль! Музыка тут – гэта ж «галівуд» у добрым сэнсе слова! Яна пастаянна гучыць – вельмі дакладная, выразная (недзе падтрымлівае, недзе ўступае ў кантраст з візуальнымі вобразамі). У канцы – самы выдатны кантраст: трагічная сцэна смерці і самая светлая музыка. Спалучэнне зусім не спалучальнага прымушае плакаць. Праца мастака, Таццяны Нерсісян, – асобная тэма, бо і тут шмат знаходак. Якая Зіма шыкоўная, якія Хмаркі, Шчупак (ён жа адначасова і Русалка)... Справа зусім не ў колькасці лялек. Тут эстэтыка тэатра лялек. Візуалізацыя кожнага вобраза, кожнага прадмета і характара, кожнай сцэнічнай сітуацыі... Мне было вельмі-вельмі цікава!


Аляксандр Янушкевіч – лаўрэат нацыянальнай тэатральная прэміі Рэспублікі Беларусь, нацыянальнай прэміі Расіі «Залатая маска», і яго новая пастаноўка – яшчэ адна ўзорная праца.

– Рэжысёр вельмі часта паўтараў нам, што нельга ператвараць спектакль у этнаграфічны гурток, каб не было так, як часта думаюць пра беларусаў: што мы ўвесь час пляцём саломку, капаем бульбу, плачам, спяваючы пры гэтым «Купалінку»... Каб не было «псеўда», а было сапраўднае, – расказала актрыса Алена Паляшэнка. – Мы не плаксы! Можна запрасіць на спектакль іншаземца, і ён убачыць, якія мы на самай справе. Вось паставілі на стол бульбачку – і ўсім захацелася гэтай духмянай бульбачкі... 

На прэм’еру «Новая зямля» добра хадзіць усёй сям’ёй, і, паверце, спектакль Аляксандра Янушкевіча захочацца паглядзець не адзін раз. Можна не сумнявацца: кожны прагляд будзе адкрываць усё новыя каштоўнасці. 








фото Александра ШУЛЬГАЧА

Автор
Алена САКАЛОЎСКАЯ

Комментарии

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!