okna.gif587e06ded838a

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

23
Мая
Вторник
FB TW VK OK
okon_vesna.gif58c1585bf2bad
Баннер не установлен
промбурвод2.gif5881a965f2bf9
BANNER_VERT3.jpg59130cbe90704
obv.jpg5887175be6a38
Что? Где? Когда?
Что делать с мигрантами в Бресте?
Курс валют в Бресте и области
karatkevicz101125.jpg5656f58c6ceb8

Брэсцкія сустрэчы Уладзіміра Караткевіча

14:05 26.11.2015

Пра Уладзіміра Караткевіча пісаць і лёгка, і цяжка. Лёгка, бо не крывячы душой, можна даваць моцныя кампліменты – ён іх заслужыў. Цяжка, бо Караткевіч – глыба, якую наўрад ці, будзем шчырымі, кім бы ты не быў, літаратурным крытыкам, ці проста заўзятым чытачом, спасцігнеш да канца. Уладзімір Сямёнавіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года Ён быў  на дзіва адораным чалавекам: “смачна” пісаў і гэтак жа віртуозна гатаваў, цудоўна маляваў, быў цікавым апавядальнікам і спеваком. Сённяшнія мамы і папы назвалі б сваё дзіця здольным, калі б яно навучылася чытаць у тры з паловай гады, а пісаць крыху пазней, як у свой час зрабіў Уладзімір Караткевіч. Караткевіч пісаў многа, нават вельмі многа. Марыў, ёсць звесткі, напісаць творы, якія б склалі 100 (!) тамоў. Думаў напісаць эпапею “Век” з пятнаццаці раманаў, якая павінна была ахапіць гісторыю Беларусі з 1860 года да сучасных Караткевічу дзён. Напэўна, і напісаў бы, каб больш пажыў.

Ён любіў многія беларускія мясціны – з асаблівай, безумоўна, цеплынёй Рагачоў – там да пісьменніка прыходзіла натхненне. З нашым беларускім Брэстам Караткевіча злучае многае. Па-першае, тут жыў і працаваў яго добры сябар – аўтарытэтны даследчык літаратуры Уладзімір Калеснік. З ім У. Караткевіч шмат вандраваў па Беларусі. Па-другое, у Брэсце Караткевіч пазнаёміўся з Валянцінай Браніславаўнай Вадковіч, якая праз пэўны час стала ягонай жонкай. У рэшце рэшт, у горадзе над Бугам Караткевіч напісаў ці не самы лепшы свой верш – “Беларуская песня”.

“Беларуская песня” ад У. Караткевіча

Напэўна, далёка не кожны беларус ведае, што У. Караткевіч пісаў паэзію. Больш пазнавальнай для чытача з’яўляецца яго проза. Захапляльная аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”, сур’ёзныя раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” – топ-творы Караткевіча, па якіх найперш пазнаецца пісьменнік. Дарэчы, Караткевіча многа экранізавалі. Многія ведаюць пра гэтага беларускага пісьменніка, дзякуючы добрым і цікавым фільмам па яго творах. Тым не менш адзін з самых лепшых, на мой погляд, караткевічаўскіх вершаў “Беларуская песня” напісаны менавіта ў горадзе над Бугам амаль паўстагоддзя таму. Вядома нават дакладная дата стварэння твора: 16 красавіка 1968 года. Там, дарэчы, упамінаецца Камянецкая вежа, праўда, як Белавежа. У аўтабіяграфіі “Дарога, якую прайшоў” У. Караткевіч пісаў пра яе “як пра адзіную ў свеце Белавежу”.

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы,

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе…

Па сутнасці, гэты верш – чым нам, беларусам, варта і мы павінны ганарыцца. Выразны дыялагічны характар верша увасоблены ў пытальным пачатку, страснасць паэтычнага радка, якая трымаецца на працягу ўсяго твора і дасягае апагею ў канцы – вызначальнае “Беларускай песні”. Па сваім гучанні гэта верш-прысяга, верш-клятва Радзіме. “Беларуская песня” У. Караткевіча – папулярны твор. Яго чытаюць не толькі ў школе на конкурсах чытальнікаў, але і на самых аўтарытэтных мерапрыемствах. Ім распачыналася канцэртная праграма з нагоды мінулай інаугурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Думаецца, на такога роду мерапрыемствах выключаны выпадковасці. Выбар “Беларускай песні” ў якасці пралогу абсалютна заканамерны – праз літаратурны твор выяўлялася стратэгія беларускага грамадства на бліжэйшы час, акрэсліваліся прыярытэты народа – цэласнасць Радзімы, суверэнны народ – галоўныя каштоўнасці, якія, як бы нам не было няпроста, мы павінны берагчы, мы разам павінны іх захаваць. Нездарма пра Радзіму гаворыцца:

Ты – наш край.

Ты – чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты – наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

Адназначна добры верш. Вазьміце томік караткевічаўскіх твораў, узнавіце яго ў памяці.

Прыгоды з брэсцкім сябрам

Караткевіча з Калеснікам пазнаёміў яшчэ адзін тытан нашай літаратуры Янка Брыль. Менавіта Брыль прапанаваў Калесніку ўзяць у адну з паездак па Заходняй Беларусі Уладзіміра Сямёнавіча. Калеснік даверыўся Брылёваму “нюху” на цікавых людзей. У адной са сваіх кніг Уладзімір Калеснік узгадваў пра тую першую сустрэчу: “Едучы, я чакаў натрапіць на ганарлівага спрэчніка, разбуральніка асноў, а сустрэў хутчэй тып анёльска-апостальскі, юнака акуратна апранутага, ветліва-ўсмешлівага… У выглядзе яго былі перамешаны мужчынскія рысы з жаночымі: далікатная дзявочая скура, прыпаднятая верхняя, крыху заечая губа, незнаёмыя з брытвай поўныя шчокі, ямка на барадзе, а ў той жа час моцная мужчынская пластыка профілю: буйны крывіцкі нос, тупы, але з рухомымі пялёсткамі ноздраў…”. Такім Караткевіча пры першым знаёмстве ўспрыняў Калеснік.

Ці вось яшчэ прыгода. Па дарозе з Зэльвы на Свіцязь падарожнікі вырашылі падсілкавацца ў дуброве з выглядам на раку Нёман. Ехалі-ехалі, пакуль не апынуліся ў балоце. Доўга выбіраліся з гразі. Кульмінацыяй стала падыманне чырвонага калеснікаўскага “Масквіча” на груд. Калеснік запрапанаваў Брылю і Караткевічу падтрымаць разам машыну. “Яны падышлі і ўперліся рукамі ў кузаў паверх акон, а я (Уладзімір Калеснік. – Заўв. аўт.) уключыў першую хуткасць ды прадоўжыў выезд па схіле. Перад самым чубам груда касагор стаў такім крутым, што левыя колы пачалі адрывацца ад зямлі, мяне кінула ў пот, але я ведаў цвёрда, што ў небяспечныя моманты самая страшная рэч – паніка: “Да д’ябла, трэба пакідаць усякія сумненні і думкі пра небяспеку, – сказаў я сабе па партызанскай звычцы. – Айда наперад!” і не перастаў падрульваць улева. Вось левае кола датыкнулася чубка грудавое травы. Пранесла!.

- Ага, пакацілася велікоднае яечка! – пераможна гукнуў, паднімаючы, як алімпіец на подыуме, рукі ўгору Валодзя. Так Караткевіч ахрысціў чырвонага “Масквіча” Калесніка”.

Бывала, падарожжы ператвараліся ў прыгоды, часам не надта вясёлыя. Так, аднойчы Калеснік павёз пісьменніка ў Белавежскую пушчу. Тагачасны дырэктар Раманаў сімпатызаваў творчым людзям, часамі дазваляў самім пахадзіць па пушчы. Тым больш Калесніку, знаўцу экзатычных мясцін у пушчы, часта даводзілася суправаджаць групы пісьменнікаў, рабіць экскурсіі самастойна. У часе агляду пушчы з Караткевічам сябры натрапілі на вялізны, у два чалавечыя росты, яловы выварацень. У. Калеснік успамінаў: “Валодзя зацікавіўся ім і збочыў, каб падзівіцца на магутную ахвяру ўрагану. Караткевіч як толькі заглянуў за выварацень, так і прыліп да карнявішча, замёр без руху. Я ўжо збіраўся паклікаць яго – гукнуць, але ўбачыў, як ён асцярожна, адступіўшы пару крокаў назад, даў лататы, цэлячыся ад аднаго да другога тоўстага дрэва.

– Што там страшнае з’еў? Шэршня? – пажартаваў я з задыханага назіральніка.

- Зубрыха з дзіцёнкам!.. – шэптам адказаў ён мне. – Не жартуй, бо як бадне, дык ад твайго “Масквіча” застанецца сплюснутая кансерва! Паехалі!

- Не чуваць, каб зубрыха машыны хвастом выварочвала.

- Але ж яна з дзіцёнкам! Ты што, не ведаеш, што матка зубраняці драпежная, горш за тыгрыцу?!”.

Сустрэча з каралевай духоўнасці.

Называюцца розныя даты, калі яны пазнаёміліся – Уладзімір Караткевіч і Валянціна Вадковіч. Па адной з версій, гэта адбылося на чытацкай канферэнцыі ў лістападзе 1963 года, на якой абмяркоўваўся раман Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Яна – работнік Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, да таго ж дапытлівая выкладчыца ва ўніверсітэце, разам са студэнтамі, у якіх была куратарам, зайшла на канферэнцыю. Іх, Валянціну Браніславаўну Вадковіч і Уладзіміра Караткевіча, сасватаў-пазнаёміў Калеснік. У аўтографе на кніжку “Вока тайфуна” Караткевіч так і напісаў Калесніку: “Міламу майму Валодзю Калесніку, які мне “ўдружыў”, раз і назаўсёды, свату і брату – ад аўтара. Ул. Караткевіч. 26.Х1.74 г.”. У часе першай размовы Валянціны Вадковіч і Уладзіміра Караткевіча жанчына зрабіла заказ Караткевічу “написать какой-нибудь детектив”.

— Які, напрыклад? — пісьменнік сам жудасна любіў дэтэктывы, роўна як і фантастыку.

— Ну, хотя бы такой, как “Дикая охота короля Стаха”. — Аказваецца, Валянціна Браніславаўна неяк чытала гэтую аповесць, але не звярнула ўвагу, хто яе аўтар.

— Ха-ха!— рассмяяўся Уладзімір Сямёнавіч. — Гэта ж я напісаў “Стаха”.

Гэтая размова паклала пачатак іх далейшым сустрэчам. Праз некаторы час яны разам гулялі на вяселлі, на якім Караткевіч пазнаёміў сваіх сяброў з будучай жонкай. Рэакцыя некаторых, мякка кажучы, была нетактоўнай: “Раз дрэнна гаворыш па-беларуску, то ты яму не пара”. Праз пэўны час В. Б. Вадковіч вывучыла беларускую мову, і пасля гаварыла на ёй лепш, чым нядаўнія яе крытыкі.

Пасля Валянціна пераехала ў сталіцу. Справай яе жыцця стала грунтоўная кніга “Памятники истории и культуры” (выдадзеная ў 1972 годзе), шасцітомнік “Помнікі культуры Беларусі”. Ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры. Афіцыйна У. Караткевіч і В. Вадковіч пабраліся шлюбам пазней. Калі і дзе гэта адбылося, ведае хіба архіў грамадзянскага стану. Вырашылі, што шлюб – гэта вельмі інтымная рэч, таму нікога не папярэджвалі. Напэўна, у Валянціне Караткевіч знайшоў свой ідэал жанчыны. Да таго ж, Валянціна Браніславаўна па прафесіі была археолагам. Гэтая экзатычная прафесія рабіла яе асобу для Караткевіча цікавай і прыцягальнай. З прыходам Валянціны Браніславаўны ўклад жыцця Уладзіміра Сямёнавіча змяніўся істотна. Быў пакладзены канец наведвання некаторых прыяцеляў з “халасцякоўскімі” звычкамі. З’явіўся свой рабочы кабінет. Супругі часта адпачывалі за мяжой.

Яны пражылі разам многа год. Аб цеплыні і шчырасці іх узаемаадносін сведчыць той факт, што пісьменнік цяжка перажываў хваробу, а пасля і смерць жонкі. Ужо пасля адыходу на той свет Валянціны адзін знаёмы пісьменнік неяк спытаў у Караткевіча, якой была яго жонка. Караткевіч сказаў тое, што хацела б пачуць у свой адрас ад мужа любая жанчына. Караткевіч адказаў сумна і шматзначна: “Яна не была прыгажуняй, але валодала дзіўным духоўным багаццем. Яна была каралевай духоўнасці…”.         

Автор
Наталля МЕЧНАЯ

Комментарии

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!