okna.gif587e06ded838a

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

19
Октября
Четверг
FB TW VK OK
okon_vesna.gif58c1585bf2bad
Баннер не установлен
lestv.gif537ef1827c008
raspisanie_brest_.jpg59c20d5a7d471
obv.jpg5887175be6a38
Что? Где? Когда?
Каким мессенджером вы предпочитаете пользоваться?
Курс валют в Бресте и области
9.jpeg55b23aac6922e

Вершы Уладзіміра Высоцкага пераклалi на беларускую мову

16:16 24.07.2015

 

 

Сёння мы з упэўненасцю можам сцвярджаць: “Высоцкі - з намі!” Бо Брэсцкі гарвыканкам падтрымаў ініцыятыву гараджан аб правядзенні ў горадзе над Бугам штогадовага міжнароднага фестывалю аўтарскай песні імя Уладзіміра Высоцкага, і распачалася падрыхтоўка да музычнага свята.

Нагодай для такога рашэння сталі дзве даты: паўвека назад Брэсцкая крэпасць прымала пераможцаў Усесаюзнага турыстычнага паходу моладзі. Тут адбыўся фестываль аўтарскай песні. Гэта па-першае. І другое, 25 ліпеня спаўняецца 35 гадоў, як перастала біцца сэрца Высоцкага - вядомага акцёра, паэта, аўтара і выканаўцы сваіх песень. Неаднойчы Уладзімір Сямёнавіч бываў у Брэсце, звычайна спыняючыся ў гасцініцы “Буг”.

У кожнага свой прыход да Высоцкага. У мае студэнцкія гады імя паэта было пад поўнай забаронай. Часам пра яго можна было пачуць у маладым асяродку, але хрыплаваты голас барда, запісаны на магнітную стужку, вельмі рэдка. Стараючыся данесці да людзей праўду, голас Высоцкага быў глытком свежай вады, сумленнем у часы застою.

Пасля заканчэння педінстытута па накіраванні трапіў я ў палескую глыбінку - у Бастынскую сярэднюю школу Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Матэматыку ў ёй выкладаў Барыс Файгер - хлопец, на два гады маладзейшы за мяне. Мы пасябравалі. Ён не толькі любіў дакладныя навукі, але й быў вялікім прыхільнікам творчасці Уладзіміра Высоцкага, меў дзве магнітафонныя стужкі з песнямі барда, і яго сябры, сабраўшыся гуртам, маглі гадзінамі слухаць іх.

Пазней Высоцкага назавуць у ліку тых, хто падрыхтаваў перабудову і галоснасць, а пакуль фільмы з яго удзелам пыліліся ў запасніках, вершы-песні не пускалі ў друк. Толькі праз шэсць гадоў за работу ў кінафільме “Час сустрэчы змяніць нельга” Уладзімір Сямёнавіч быў уганараваны звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. Пасмяротна.

 

*  *  *

Жыццё, аднак, вучыць: чым больш не дазваляць штосьці чалавеку, тым болей ён захоча мець у сябе. Творы Высоцкага забараняліся дзесяцігоддзямі, і, нарэшце, як падышла спрыяльная пара, ажыятаж на іх быў такі, як рэдка ў якога масцітага пісьменніка.

А ёсць попыт - імкнуцца задаволіць яго: цяпер больш-менш прыстойнае выдавецтва ўзялося друкаваць выбранае Высоцкага. Усё, у тым ліку і няскончаны “Роман о девочках”, дайшло да чытача.

Пасля доўгага замоўчвання знайшліся лектары, якія спецыялізаваліся на Высоцкім. Адзін з іх --- артыст Масканцэрта В.І.Анісімаў --- у красавіку 1988 года выступаў на сцэне гарадскога Дома культуры ў Жабінцы. Пасля канцэрта мне ўдалося ўзяць інтэрв’ю для жабінкаўскай раённай газеты “Сельская праўда”.

- Думаю, што вялікі талент, - гаварыў Валерый Іванавіч, - нельга падагнаць пад які-небудзь шаблон ці стандарт. Ён тым і вялікі, што не падобен ні на каго іншага. Уладзіміра Сямёнавіча я адношу да людзей, хто рыхтаваў працэс сённяшніх пераменаў, хто імкнуўся, каб свабодна загучала слова. Заканамерна, што ў пару застою афіцыйная думка была скіравана супраць яго… Увогуле, людзям такога таленту нялёгка жывецца на зямлі.

З паэзіі Высоцкага, з фільмаў, у якіх ён здымаўся, знялі заслону, і яго хрыплаваты голас загучаў у краіне ва ўсю моц. Кожны мог выбраць сабе творы па душы, бо дыяпазон яго вершаў быў самы шырокі --- ад блатных, зэкаўскіх і да высокапатрыятычных.

Пасля таго, як было прачытана ледзь не ўсё з Высоцкага, што ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя з’яўлялася ў перыядычным друку і асобнымі кнігамі, прыйшло асэнсаванне яго творчасці: захацелася, каб аўтар “загаварыў” і па-беларуску. На мяне найбольшы ўплыў зрабіла патрыятычная лірыка: “Брацкія магілы”, “Ён не вярнуўся з бою” і інш.

Сёння ў маім “багажы” нізка песень, перакладзеных на беларускую мову, а таксама верш “Кіёск гуказапісу” Я.Еўтушэнкі, прысвечаны памяці Высоцкага. Верыцца, што яшчэ не раз, узяўшы ў рукі зборнік вершаў незабыўнага барда, захочацца зноў засесці за пераклады…


Уладзімір ВЫСОЦКІ

 

БРАЦКІЯ МАГІЛЫ

На брацкіх магілах не ставяць крыжоў,

І ўдовы на іх не рыдаюць.

Ляжыць ля падножжа букет васількоў,

І Вечны агонь палыхае.

 

Раней узлятала зямля да нябёс,

Цяпер тут - гранітныя пліты.

Скажыце, хто вызначыць кожнага лёс,

Як лёсы ў адзінае зліты?!

 

У Вечным агні - бачу спалены танк,

Гараць беларускія хаты.

Палае Смаленск і палае рэйхстаг,

Палае і сэрца салдата.

 

Не бачна ў жалобе ля помніка ўдоў -

Сюды ходзяць моцныя духам…

На брацкіх магілах не ставяць крыжоў,

А ў сэрцы - трывога і скруха.

 

ЁН НЕ ВЯРНУЎСЯ З БОЮ

Дык чаму ўсё інакш? Сёння ж так, як заўжды:

Звыклы неба блакіт нада мною,

Той жа лес, і паветра, і бляск ад вады…

Толькі ён не вярнуўся з бою.

 

Не магу зразумець, хто праўдзівей каго

Быў у спрэчках без сну і спакою…

Ды цяпер я адчуў: не стае мне яго, -

Ён учора не выйшаў з бою.

 

Не да месца маўчаў і не ў такт падпяваў,

Гаварыў пра сваё, дарагое.

Прачынаўся з усходам і спаць не даваў,

Але вось - не вярнуўся з бою.

 

Апусцела зямлянка цяпер без яго.

Азірнуўся: заўжды ж было двое!..

Для мяне - быццам ветрам задзьмула агонь, -

Ён учора не выйшаў з бою.

 

Як з палону, прарвалася смела вясна,

Памыліўшыся, клікнуў яго я:

“Сябар, дай пакурыць!” А ў адказ - цішыня…

Гэта ж ён не вярнуўся з бою.

 

Аніколі не кінуць у горы-бядзе

Нашы паўшыя, як вартавыя…

І люструецца неба ў лясах, бы ў вадзе,

Гуртам елкі стаяць маладыя.

 

Мы бывалі, відаць, шчаслівей удвайне,

Калі час свой дзялілі з табою…

Гэта ўсё аднаму? І здаецца ўжо мне,

Быццам я не вярнуўся з бою.

 

ВЫПАДАК У РЭСТАРАНЕ

Рэстаран, дзе карціны вісяць тут і там,

Запрашае: заходзьце, гуляйце!

За сталом адзінока сядзіць капітан.

“Можна сесці?” - спытаў я. “Сядайце…

Закуры!” - “Выбачайце, “Казбек” не па мне…” -

“Добра, выпі! Вось посуд парожні,

Бо пакуль прынясуць… Выпі лепш за мяне!

Будзь здаровы!” - “І буду, раз можна…” -

“Ну, дык хто ты такі? - запытаў капітан. -

Бачу, п’еш ты гарэлку са смакам!

А ці бачыў калі кулямёт альбо танк?

Рукапашную зведаў атаку?..

Сорак трэці. Пад Курскам я быў старшыной.

За маёю спіною - такое…

Усяго шмат было за маёю спіной,

Каб ты, хлопец, далей жыў спакойна!..”

Ён спрачаўся і піў. Ён спытаў пра гады

І крычаў, быццам быў я зануда:

“Паўжыцця я аддаў за цябе, малады, -

Ты ж сваё марнатравіш тут, юда!

Вось вінтоўку б табе ды паслаць цябе ў бой!

Ты ж гарэліцу глушыш са мною!..”

Я сядзеў, бы ў акопе пад Курскай дугой -

Там, дзе быў капітан старшыною.

Усё больш ён хмялеў. Я, аднак, не адстаў

І, здаецца, пакрыўдзіў дакорам.

Я пакрыўдзіў яго, як сказаў: “Капітан,

Ты ніколі не будзеш маёрам!..” 

З рускай мовы пераклаў Расціслаў БЕНЗЯРУК.

 


Комментарии

Лиана Присяжная
25.07.2015 11:59:07
Никогда не думала, что так звучит на белорусском Высоцкий! Браво! Прекрасный перевод! За душу, как и на родном русском!
Лисман
24.07.2015 22:26:33
А ведь весьма неплохо звучит Высоцкий на белорусском.

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!