кондрат31-4.gif5890875fa80e1

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

21
Июля
Пятница
FB TW VK OK
Баннер не установлен
lestv.gif537ef1827c008
BANNER_VERT3.jpg59130cbe90704
obv.jpg5887175be6a38
Что? Где? Когда?
Что делать с мигрантами в Бресте?
Курс валют в Бресте и области
AK5Z8010.jpg55013bf653582

Сядзiба ў Перарове, альбо ў госці да колішніх пушчанцаў

09:10 12.03.2015

З Еўрасаюза ў гэтую беларускую сядзібу, што размясцілася пад разлапістымі векавымі елкамі Белавежскай пушчы ва ўрочышчы Перароў, найзручней трапіць пешшу альбо на веласіпедзе: пятнаццаць хвілін – і іншаземны госць на нашым баку адмысловага вела-пешеходнага пагранпераходу “Перароў - Белавежа”. Потым яшчэ пара-тройка кіламетраў – і вандроўца на месцы.

Лёгка дыхаць, цікава бачыць

Месцы, варта сказаць, прыгожым сваёй пушчанскай аўтэнтычнасцю і надзвычай утульным. Дыхаецца тут лёгка, а вуха лашчыць шчабятанне пакуль што рэдкіх для гэтай пары птушак.  Адразу ж за разной драўлянай аркай уваходу з надпісам «Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій» нас прыветліва сустракае маладзенькая прыгажуня Нюша – пярэстая кошачка пачувае сябе сапраўднай гаспадыняй і ахвотна пазіруе перад аб'ектывам фотакамеры. Яна зараз тут, бадай, адзіная пастаянная насельніца.


Калісьці ў Перарове было лясніцтва. Тут, сярод дзікай прыроды, вялі гаспадарку людзі. Праўда, ад тых часоў захаваўся толькі старажытны падмурак. На ім і вырашана было збудаваць новую сядзібу - акурат па ўсіх правілах дыхтоўнай сялянскай хаты. І сёння ўнікальную магчымасць акунуцца ў побыт пушчанцаў ХIХ - ХХ стагоддзяў прапануюць гасцям Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» падчас агляднай экскурсіі.

- Вёска спрадвек была асновай дастатку чалавека, калыскай народных традыцый, - расказвае наш гід культуролаг Святлана Кабылкевіч. - Сялянскі падворак уяўляў сабою досыць універсальную гаспадарку, якая дазваляла практычна цалкам забяспечваць патрэбы чалавека: тут сеялі збожжа, вырошчвалі і апрацоўвалі лён, шылі адзенне, валялі валёнкі, майстравалі прылады працы. Надзвычай скрупулёзна нашыя продкі выбіралі месца для пабудовы жытла. Ніколі не будавалі яго там, дзе здараліся забойствы, пажары альбо пакінула свой след прыродная стыхія, таксама на перакрыжаваннях дарог ды закінутых сцяжынах – у народзе гэтыя месцы лічыліся чортавымі. Аддавалі перавагу тым куточкам, дзе сяліліся жывыя істоты: мурашы, восы, шэршні, пчолы, дзе звычайна адпачывалі дзікія жывёлы. 


Дарэчы, сядзіба ў Перарове менавіта гэтак і стаіць – у шматлікіх шпакоўнях тут пасяліліся не толькі шпакі – адну «хатку» на дрэве занялі шэршні, побач прысуседзіліся пчолы. Гэта, між іншым, нават абвяргае той факт, што шэршні і пчолы зусім не сябруюць, бо першыя забіваюць апошніх. Іншым разам у вакно можа заглянуць прыгажун-алень, прыбягае з ляснога гушчару паласавацца янот.

Святлана Іванаўна нарадзілася, выгадавалася і зараз жыве ў Роўбіцку – на ўскрайку пружанскага боку пушчы, з маленства любіла слухаць аповеды старэнькіх пушчанцаў пра колішняе жыццё-быццё, захаплялася паданнямі ды легендамі гэтага загадкавага краю. І цяпер гасцям расказвае шмат цікавага з жыцця мясцовага насельніцтва. 

Лес для будаўніцтва дома нарыхтоўваўся зімой альбо ранняй вясной – калі ўсе жыватворныя сокі дрэва сыходзілі ў зямлю. Асабліва трапяткая ўвага надавалася закладцы першага вянца. Ва ўсходнім куце заўсёды клалі жменьку збожжа, мёд у сотах і асвечаную галінку ядлоўца. Усё гэта служыла своеасаблівым абярэгам жытла.


І засяленне ў новы дом адбывалася па адмысловым абрадзе. Нашы продкі верылі - быццам бы хто першы пераступіць парог, той раней за іншых з жыцця і пойдзе. Таму спачатку на ноч пускалі ката альбо пеўня. Лічылася, што кот першым сустрэне гаспадара на тым свеце, а без пеўня і ўвогуле на падворку і скацінка не вядзецца, і кароўка не доіцца.

На наступны дзень у хату ўваходзілі людзі. Галава сям'і трымаў на парозе ручнік, за які па старшынстве адзін за адным браліся ўсе дамачадцы – і гэтак, каб пазбегнуць страт родных, разам пераступалі парог, зазываючы з сабой дамавіка. Парогам, дарэчы, пакланяліся як варотам у іншы свет. Таму і цяпер у нас не прынята вітацца праз парог, альбо пазычаць. 

З гарышча – на «подыум»

Вандруючы па навакольных вёсках, Святлана Кабылкевіч разам з дачкою Ірынай, на тую пару студэнткай філалагічнага факультэта, не толькі гісторыямі лёсаў мясцовых жыхароў ды паданнямі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, цікавілася, але і старадаўнія прылады працы прасіла з гарышча дастаць. Так у музеі з'явілася цэлая калекцыя насамрэч унікальных артэфактаў.

Сваё пачэснае месца ў сенцах занялі жорны – галоўны атрыбут сялянскай хаты. Адныя, вырабленыя з суцэльнай драўлянай калоды, падарылі на Пружаншчыне. На іх і зараз можна малоць зерне. Побач – механізм  пасляваеннай пары з Камянеччыны, ужо з металічнымі дэталямі і крыху іншай канструкцыі. Адрозніваюцца і ступы, у якіх таўклі крупы. Хітрэйшыя пружанцы працавалі адным таўкачом, мяняючы рукі, а мацнейшыя каменчукі стараліся адразу двума.


У бабіным куце – усё неабходнае для кухарніцтва: на палічках гліняны посуд, вырабы з лазы, пад імі - драўляныя вядзерца для вады альбо малака, маслабойкі. А вось маленькім начоўкам – апалушкам - роля адводзілася надзвычай важная, расказвае Святлана Кабылкевіч: улетку ў іх правейвалі выспелае насенне каляндры альбо кропу, у халодную ж пару, калі нараджалася дзіцятка, яго клалі  ў гэтыя начовачкі і ставілі на печ, каб немаўлятка не змерзла, пакуль памагалі жанчыне-парадзісе.

Харчаваліся за доўгім сталом, на чале якога традыцыйна займаў сваё месца галава сям’і. У чырвоным куце – радавы абраз, ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне. А таксама – іконы Божай Маці, якая суправаджала ў жыццёвым шляху маладую, і Збавіцеля, заступніка маладога. 

Тут і яшчэ адзін найшаноўны атрыбут сялянскага побыту – дзяжа для замешвання цеста. Мясіла яго самая старэйшая і вопытная гаспадыня, суправаджаючы працэс малітвай, астатнім забаранялася да цеста нават дакранацца. На гэты час з хаты прасілі выйсці мужчын, а таксама тых, у каго было “дрэннае вока”.

Спальны кут за печчу – гэта суцэльныя палаці ўздоўж сцяны на добрым узвышэнні ад падлогі: нашы мудрыя продкі ўжо ў тыя часы ведалі, што цёплае паветра збіраецца ўверсе. Матрацы-сеннікі напакоўваліся духмяным сенам, а падушкі – лекавымі зёлкамі. Да столі падвешана калыска з лялечным немаўляткам, якую вельмі лёгка люляць.

 Сярод цапоў, трапал, нажовак у зале мужчынскіх рамёстваў звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін незвычайны прадмет – драўляная калодачка з устаўленай уздоўж металічнай пласцінай. Дык гэта ж канёк! У даўнія часы пушчанцы таксама любілі праімчацца па лёдзе. Але каталіся звычайна на адным каньку, адштурхоўваючыся другой нагою. Калі ж некаму ўдавалася слізгацець адразу на абодвух, таго ўжо прызнавалі найвялікшым асам. У зале жаночых рамёстваў галоўнае месца займаюць кросны для падвойнага ткацтва. Яно і не дзіўна: гэтая тэхніка сёння захавалася ў лічаных куточках краіны і майстрых, якія ёй валодаюць, – адзінкі.           

Каньяк адпачывае

Гонар сядзібы – бровар з бярвення пад чаротавым дахам. Сярод збудаванняў комплексу ён з'явіўся першым. З тае пары як Нацыянальны парк атрымаў ліцэнзію на выраб самагонкі, знаўцы моцных напояў не ведаюць больш душэўнага, як фірмовы «Пушчанскі».

- Крынічная вада, мука з трыцікале альбо жыта, дрожжы - вось і ўвесь сакрэт, - тлумачыць традыцыйную тэхналогію ляснік мясцовага лясніцтва, а па сумяшчальніцтве адказная за якасць «пушчанкі» асоба Сяргей Такарчук. – Вядома ж, неабходна вытрымліваць пэўны тэмпературны рэжым. Вымешваем брагу выключна драўляным вяслом больш за гадзіну. Улетку яна да кандыцыі даходзіць хутчэй, зімою – больш павольна. А з двух мяшкоў мукі звычайна атрымліваецца 20 - 30 літраў арыгінальнага белавежскага 52-градуснага напою.


Яго можна пакаштаваць тут жа ў карчме «Хутарок» – дэгустацыйнай зале комплексу, дзе, нібы стагоддзі таму, наліваюць выключна ў керамічныя келішкі. Сто грамаў абыдзецца ні многа ні мала ў 25 тысяч рублёў. Як сцвярджае гаспадыня карчмы Алена Хоміч, звычайная гарэлка ды каньяк так і «адпачываюць» на паліцы вітрыны. А пад «пушчанку» госці вельмі любяць упісаць варанай бульбы, прысмачанай смажаным салам, «пальцам пханай» вясковай каўбасы, ну і, зразумела ж, квашанай капусты ды салёных гурочкаў, якія тут робяць таксама па старадаўніх рэцэптах.

 З леташняга верасня, калі музей гасцінна расчыніў свае дзверы, з адметным побытам пушчанцаў паспелі ўжо пазнаёміцца госці з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. А першым наведвальнікам, сцвярджаюць супрацоўнікі, быў ...дамавічок. І распавядаюць, як напярэдадні адкрыцця музея, навёўшы апошні марафет, будаўнікі пафарбавалі лакам падлогу ў сенцах і зачынілі дзверы на замок. Раніцай жа знайшлі на дошках ля парога тры адпячатаныя слядкі невялічкай босай левай ступні. Іх добра відаць і зараз...          


Сёння на тэрыторыі комплекса не прыпыняецца будаўніцтва – амаль закончаны паветы для летняй працы рамеснікаў, узводзяцца кузня, хляўчук, у якім размесціцца хатняя жывёла. Сядзіба рыхтуецца да свайго першага летняга сезону.

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Автор
Ірына АРЛОВА

Комментарии

Лиана Присяжная
13.04.2016 12:19:29
непременно сьездим летом, пообедаем, купим сувениры, Нюше не забыть привезти вкусного корма. Очень красиво!

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!