кондрат31-4.gif5890875fa80e1

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

21
Июля
Пятница
FB TW VK OK
Баннер не установлен
промбурвод2.gif5881a965f2bf9
BANNER_VERT3.jpg59130cbe90704
obv.jpg5887175be6a38
Что? Где? Когда?
Что делать с мигрантами в Бресте?
Курс валют в Бресте и области
JankaSipakov.jpg54c0a7fcd67b1

Янка Сіпакоў: “Кнігі – гэта наш спакой. Душэўны...”Хочацца звярнуцца да яшчэ не вельмі дасведчанага чытача: чытайце і перачытвайце Янку Сіпакова

09:34 22.01.2015

У адзін з цудоўных сакавіцкіх дзён 2011 года газета “Звязда” прынесла мне сумную вестку: памёр Янка Сіпакоў. Мне здалося: усё павінна было крычаць: “Памёр Янка Сіпакоў!” Але ўсё навокал было спакойна, свяціла па-вясноваму сонца, радаваліся свайму звароту на радзіму шпачкі, званчэй звычайнага дзінькалі сінічкі, а ўжо верабейкі што выраблялі... Светла! Сонечна! Вяснова! Хораша! Але ўжо – не радасна: памёр Янка Сіпакоў.

Прыходжу ў хату, бяру з кніжнай шафы яго мудрую кнігу “Наталенне смагі”, адкрываю і быццам гутару з ім, жывым. Душа мая, якая пасля газетных радкоў захвалявалася, затрымцела, заныла, пачала супакойвацца. Не, ён не памёр. Няма яго фізічна. А ён будзе жыць, бо чалавек, кажуць, памірае не тады, калі яго забіваюць, а тады, калі забываюць. А ці ж можна забыць Вас, Іван Данілавіч, - Чалавека, Пісьменніка, Майстра?!

Чаму вучыць нас царква ў выпадку смерці дарагога нам чалавека? Так, памятаць яго і маліцца за супакой яго душы. Але моцна не жаліцца. Ды і сам Іван Данілавіч як казаў: “Ёсць сем смяротных грахоў: зайздрасць, скупасць, распуста, аб’яданне, ганарлівасць, гнеў... І сёмы... Вы ўяўляеце, які сёмы? Туга! Аказваецца, смутак, сум, скруха, жаль, маркота, горнасць, журба, паныласць, засмучэнне – усё гэта вельмі вялікі грэх. А я ж і сам, не зважаючы на тое, што гэта грэшна, люблю такія светлыя хвіліны невядомай тугі, якія могуць здарыцца і ўранку, і ўвечары, і пасярод дня. Яны не стамляюць, не ўзбуджаюць, а наадварот - супакойваюць: тады ты нібы ачышчаешся, нібы ўзнаўляешся для нейкай невядомай пакуль радасці” (“Наталенне смагі”). Вось так, Іван Данілавіч, Вы яшчэ больш супакоілі мяне.

Разважаю: чалавек пражыў 75 гадоў, зрабіў так многа для роднай Бацькаўшчыны, з якою быў і ў радасныя яе часы, і ў скрушныя, усё жыццё аддаў любімай справе – творчасці. Як там у Вас: “Я ж усё сваё жыццё толькі працаваў! Бо я перакананы, што праца – ёсць жыццё, а жыццё – гэта праца”. І праца Ваша, шаноўны Іван Данілавіч, служыла нам, Вашым сучаснікам, будзе яна служыць і нашым нашчадкам, пакуль будзе жыць наша роднае слова, якое Вы праславілі сваімі творамі, якім Вы славілі і зямлю, і неба, і чалавека, і ўсё існае на зямлі.

З Іванам Данілавічам я ніколі не сустракалася. Чытала яго творы, чытала ўсё, што магла напаткаць у школьнай, сельскай бібліятэках, у перыядычных часопісах. Адносіла яго да шэрагу лепшых беларускіх пісьменнікаў. Але вось у адным з нумароў “Немана” сустрэла анатацыю Міхася Пазнякова на новую кнігу Янкі Сіпакова “Зялёны лісток на планеце Зямля”. Зацікавілася. Тут жа была прыпіска рэдакцыі, што ў адным з бліжэйшых нумароў будуць надрукаваны ўрыўкі з твора. Чакаю. І ўжо ў наступным нумары “Неман” дае чатыры эсэ ў перакладзе на рускую мову таго ж Міхася Пазнякова. Прачытала – праглынула. Адчула “дух” кнігі. Зацікавіла яшчэ больш. Стала шукаць у раёне “Зялёны лісток...”. Няма нідзе.

Тэлефаную ў Мінск Уладзіміру Гніламёдаву, літаратуразнаўцу, акадэміку, дырэктару Інстытута літаратуры НАН. А з Уладзімірам Васільевічам я знаёма яшчэ з часоў майго студэнцтва. Паступіўшы на філфак Брэсцкага педінстытута, я жыла ў сям’і свайго брата Міхася Рудкоўскага, які год да таго быў запрошаны з раённай Ганцавіцкай газеты “Савецкае Палессе” на працу на адкрыўшуюся абласную студыю тэлебачання. На той час ён ужо быў вядомы на Берасцейшчыне паэт (выдаў да гэтага часу свой першы зборнік вершаў “Першыя вёрсты”). Уладзімір Васільевіч пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута працягваў вучобу ў Мінску ў аспірантуры. Сябравалі з Міхасём, і ён, наведваючы сваіх на Камянеччыне, усякі раз забягаў да Міхася.

Тэлефаную Гніламёдаву, выкладваю яму сваю “бяду”. А ён:

          - А ты патэлефануй Івану Данілавічу, папрасі, ён і прышле табе “Зялёны лісток на планеце Зямля”. Я табе і тэлефон яго дам.

          - Ды няёмка неяк аклапочваць чалавека, - кажу яму я са сваёй прыроджанай нясмеласцю і вясковай сціпласцю.

          - А ты спасылайся на мяне. Маўляў, я не я, гэта мяне Гніламёдаў падвучыў, - гаворыць ён смеючыся. – Вось убачыш – прышле. 

Тут жа, набраўшыся смеласці, тэлефаную. 

Прагаварылі мы з Іванам Данілавічам доўга. Чалавекам ён аказаўся зусім простым, надзвычай добразычлівым, прыязным. Гаварылі мы і пра “Зялёны  лісток...”, і пра літаратуру, і пра беларускую мову, і пра жыццё...

І ўжо праз пару дзён я атрымала бандэроль з жаданай кнігай. З цёплым аўтографам: “Вельмі паважанай Ірыне Міхайлаўне Рудкоўскай, якая, - перакананы! – вельмі любіць і шануе нашу родную Беларусь – гэтак жа, як і аўтар гэтай кнігі. Ад усяе шчырасці, з найлепшымі пажаданнямі – Янка Сіпакоў. 23 верасня 2007 года”.



Кніга была прачытана з захапленнем. Гэта ж сапраўдны скарб, а не проста кніга. Гэта скарб пра скарбы нашай Бацькаўшчыны. Гэта малая, але ў той жа час вельмі глыбокая энцыклапедыя краю. У якім жа харастве і багацці паўстае з яе наша Радзіма. З якой любоўю, з якім замілаваннем распавядае аўтар пра тое, што так любіць, чым так ганарыцца перад усім светам. Больш глыбока, больш шчыра выказаць сваю любоў да радзімы, да роднай зямлі і людзей, што жылі і жывуць тут, чым гэта зрабіў Янка Сіпакоў, па-мойму, ужо і нельга.

Сама чытала і перачытвала, а потым дала “Зялёны лісток на планеце Зямля” ў школу, каб пазнаёміліся хоць настаўнікі. Пасля у раённую бібліятэку. Водгукі – самыя высокія.

Задумалася: маем кнігу-скарбонку, а яе не знайсці. Што тая адна тысяча асобнікаў! Дык яна ж, як хлеб надзённы, павінна быць у кожнай хаце. Як жа так? І я пішу ліст у Міністэрства адукацыі на імя намесніка міністра Казіміра Фарыно з просьбаю-патрабаваннем зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб выдаць кнігу масавым тыражом, каб магла яна трапіць у рукі школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў.

Усяго праз два дні тэлефануе мне галоўны спецыяліст-беларусазнавец Міністэрства адукацыі З.І. Падлінская.

          - Мы вам дадзім афіцыйны адказ міністэрства, але мне вельмі захацелася пазнаёміцца з вамі. Ліст ваш нас вельмі ўзрадаваў. Мы атрымоўваем лісты, але яны звычайна з нейкімі рознымі скаргамі. А тут вы асабіста ніякай выгоды не маеце, а так шчыра клапаціцеся пра справы грамадства, пра выхаванне моладзі. Я ўжо патэлефанавала Янку Сіпакову і зачытала ваш ліст. Ён быў вельмі крануты.

Міністэрства не прымусіла сябе чакаць з адказам, у якім пагаджалася з маім пунктам гледжання на кнігу, пералічваліся тыя захады міністэрства для таго, каб яе абавязкова набылі школьныя бібліятэкі. “Думаем, што агульнымі намаганнямі справа вырашыцца станоўча і кніга Янкі Сіпакова стане настольнай для многіх школьнікаў”, - заканчваўся ліст за подпісам К. Фарыно.

А неўзабаве выйшла наступная кніга я.Сіпакова “Наталенне смагі”. І Іван Данілавіч ужо без ніякіх маіх просьбаў даслаў яе мне таксама, вядома, з аўтографам. Кніга гэтая – своеасаблівы настрой душы, кніга, калі яе чытаеш, прымушае цябе разам з аўтарам задумвацца над няпростымі рэаліямі сучаснага жыцця. 

А як геніяльна апісаны ў кнізе тыя з’явы, якія мы звычайна і не заўважаем. 

Успамінаецца, як на пачатку чэрвеня 2009 года патэлефанаваў мне Іван Данілавіч і дзякаваў за некалькі цёплых слоў у яго адрас у адной з маіх публікацый у “Звяздзе”:

          - Тэлефануе мне Серафім Андраюк, пытае, ці чытаў я “Звязду” за 3 чэрвеня, дзе нейкая чытачка з Ганцавіцкага раёна ў матэрыяле “Цётка – не маці” цёпла гаворыць пра цябе? Я пайшоў, купіў газету, прачытаў. Вельмі правільна пішаце пра мову.

І са сваёй сціпласцю сказаў, што я залішне пераацэньваю яго творчасць, яе ролю ў беларускай літаратуры.

У гэтай жа размове пацікавіўся, ці адзіная гэта мая газетная публікацыя. Я прызналася, што часам пра што набалелае пішу ў беларускамоўныя выданні: раёнку, “Звязду”, “ЛіМ”. Іван Данілавіч папрасіў прыслаць іх яму. Потым мне аж няёмка было слухаць з яго вуснаў многа цёплых слоў у свой адрас. Прызнаюся: няёмка, але ж і прыемна.

Мае галоўныя тэмы – маральна-этычныя праблемы грамадства, стан роднай мовы. Я разумею, чаму Іван Данілавіч так цёпла ставіўся да мяне: ён адчуў аднадумца, чалавека, якога хвалююць многія праблемы, а гэтыя праблемы хвалявалі і яго.

Я ўсе гады нашага завочнага знаёмства дзівілася, як гэта ён – вядомы далёка і за межамі нашай краіны, знаходзіў час на стасункі са мною, нейкай вясковай жанчынай з палескай вёскі ў глыбінцы? У яго ж было столькі прыхільнікаў яго творчасці! Нават у далёкай Індыі выйшла яго кніга паэзіі “Чорны Бог і іншыя вершы”, на прызентацыі якой прысутнічаў сам тагачасны прэзідэнт.

А колькі ж ён займеў сяброў, бываючы нават у самых аддаленых куточках СССР!

За гэтыя гады знаёмства я ні разу не змагла патэлефанаваць яму, каб першай павіншаваць са святам. Разважала: гараджане, асабліва творчыя людзі, якія працуюць па начах, кладуцца позна спаць. І ён ніколі не забываў павіншаваць у тэлефоннай размове ці прыслаць каляровую паштоўку. А віншаваў і з дзяржаўнымі святамі, і з рэлігійнымі. Я ж – хіба ў дзень яго нараджэння. Дзякуй Богу, што Іван Данілавіч перажыў сваё 75-годдзе: яму блізкія людзі, сябры перад канцом зямной дарогі паспелі сказаць шмат цёплых слоў.

Тэлефанавала я яму і пасля публікацый яго новых твораў у часопісах, часцей за ўсё ў “Полымі”. Ён заўсёды прасіў выказвацца. Я выказвалася, наколькі хапала мне маёй літаратурнай дасведчанасці. А калі Іван Данілавіч папрасіў даць ацэнку яго перакладам са старажытнай паэзіі, то я проста прызналася, што баюся гэта рабіць, бо нават некаторыя з аўтараў,якіх ён пераклаў, мне невядомы. І тут мае “местачковыя” ацэнкі могуць выглядаць зусім некампетэнтна. А што пераклаў на беларускую мову, то гэта цудоўна. Лішні раз паказаў, што беларускай мове ў саюзе з сапраўдным майстрам пад сілу ўсе віды і формы літаратуры ўсіх часоў і народаў.

Успамінаю, як 21 сакавіка (Сусветны дзень паэзіі) я выкарыстала гэтае свята, каб лішні раз пагаварыць з Іванам Данілавічам. Віншую яго са святам.

          - Якім? – пытаецца.

          Адказваю.

          - А мы ж не святкуем. Але ўсё ж добра, што ёсць такі дзень. Лішні раз падкрэслівае свет, што паэзія – вялікая сіла, што яна варта павагі.

Шкада, што не паспела выказаць яму, як захапіла, ашаламіла мяне яго “Мая бібліятэка”. Ну чаму ж мне было чакаць, пакуль “Маладосць” поўнасцю надрукуе яго новую кнігу эсэ. Якая веліч! Якая шырыня і глыбіня роздумаў і разважанняў! Вось дзе сапраўднае багацце! Стала сорамна за многіх з нас, што (асабліва ў апошнія часы) выкарыстоўвалі кнігі толькі для ўпрыгожвання сваіх кватэр, толькі для інтэр’еру. Не пакідае і па сённяшні дзень мяне думка: як жа шмат часу мы трацім так марна! Чытала “Маю бібліятэку” Янкі Сіпакова і адчувала сябе прысаромленай, каб не больш. Сама сябе суцяшала: у цябе яшчэ ёсць нейкі час.

Вось, да прыкладу, разважанні пра кнігу, бібліятэку, пра іх ролю ў жыцці чалавека і чалавецтва: “Бібліятэка, на мой погляд, сабрала разам увесь розум чалавецтва за ўсе часы і народы з таго моманту, як патухлая зорка Зямля зрабілася жывою, скарб, якім можа бесперашкодна і з радасцю карыстацца кожны чалавек на планеце... Бібліятэка – гэта сувязь часоў. Яна прыбірае ўсе межы, яднае адлегласці, эпохі, народы... Бібліятэка – гэта ахова, прыстанішча ад мітусні і зласлівасці. Кнігі – гэта наш спакой. Душэўны... Бібліятэкі не даюць чалавеку расчалавечыцца.., “чалавек, які чытае кнігу, - шчаслівы чалавек”.

Дзесьці Янка Сіпакоў казаў, што творца павінен так пісаць, каб яго можна было пазнаць нават не па творы, а па адным сказе. Сёння, Іван Данілавіч, я пазнаю Вас, як пазнаю, да прыкладу, майго любімага Чэхава, як пазнаюць сапраўднага творцу.

Хочацца звярнуцца да яшчэ не вельмі дасведчанага чытача: чытайце і перачытвайце Янку Сіпакова. Колькі зменшыцца ў нашым жыцці злосці, зайздрасці, злыбяды, сквапнасці, пустабрэхства, самаўзвышэння, імкнення да ўяўнага дабрабыту, нават бесчалавечнасці... Як падабрэем, палагаднеем мы, як прыязней будзем адзін з адным, убачым вакол сябе прыгажосць і будзем імкнуцца да яе. Мы ў поўную меру адчуем у сабе пачуццё ўласнай годнасці, гордасці за свой народ, за сваю мову, за сваю Радзіму.

          Ірына РУДКОЎСКАЯ, Ганцавіцкі раён.


Комментарии

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!