кондрат31-4.gif5890875fa80e1

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

25
Ноября
Суббота
FB TW VK OK
okon_vesna.gif58c1585bf2bad
Баннер не установлен
lestv.gif537ef1827c008
raspisanie_brest_.jpg59c20d5a7d471
obv.jpg5887175be6a38
Что? Где? Когда?
Какой транспорт вы чаще всего используете в городе?
Курс валют в Бресте и области
misko.jpg543bc01886839

У “зорнай” майстэрні Івана Міско

15:05 13.10.2014

Пры кожнай сустрэчы ў Мінску ён настойліва гаварыў:

          – Вы проста абавязаны пазнаёміцца з Іванам Якімавічам!

Аднак у сталіцы неяк заўсёды не хапае часу: чакаюць шматлікія справы, таму кожны раз – у адказ:

          – Мо ў наступны прыезд, прабачце.

Але ж не быў бы ён Кенькам – чалавекам захапляльным, у жыцці цікаўным і актыўным, – калі б не прыцягнуў усё ж “у майстэрню да Міскá”.

Было 7 лютага 2013 года. У Мінску не першы дзень, нібы вулей, гудзела Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Сярод усялякага рознага, чым насычаны кніжны форум, – прэзентацыя маёй гістарычнай аповесці “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”. Навуковец, перакладчык, інтэлігент да каранёў валасоў, Міхась Паўлавіч Кенька хораша выказаўся пра кніжку і ўсё ж “спакусіў” прайсціся – “тут недалечака!” – да “зорнай” майстэрні.

Сапраўды побач: у самым сэрцы сталіцы, за “спінай” Палаца Рэспублікі. Толькі пераступіў парог, як адразу сустрэўся позіркам з земляком – Пятром Клімуком. 

Ад нечаканасці нават павітаўся:

          – Добры дзень, Пётр Ільіч.

 

Тут Герояў бывае шмат

Я “добрадзенькнуў”, а ён прамаўчаў, бо быў… гліняны. Перада мной – копія (адзін у адзін) бюста двойчы Героя Савецкага Саюза, першага беларускага пакарыцеля космасу, усталяванага на бульвары Касманаўтаў у Брэсце.

А ў наступным шырачэзным пакоі, дзе шчыраваў Міско, перад майстрам сядзеў жывы Герой. Адразу не пазнаў яго (бо бачыў раней толькі на “парадных” партрэтах), а калі зразумеў, што перада мной геніяльны генеральны канструктар “МАЗа”, Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі, рука міжволі пацягнулася да фотаапарата.

У адказ на мой прафесійны парыў пачуў халодны жаночы голас з выразнай металічнай ноткай:

          - Вы журналіст? (Далібог, прагучала, як “папарацы”). Не трэба здымаць. Нам (з моцным націскам на гэтым слове) гэта не патрэбна.

          І ўжо цішэй, мягчэй:

          – Хіба вы не бачыце?

Нарэшце я пабачыў. Тое, што медыкі называюць “фацыес гіпакратыка”, – твар закату, ці прасцей – смерці.

ван Якімавіч хутка акінуў мяне прышчураным вокам, кіўнуў Кеньку: 

          – Праходзьце, пачакайце трошкі, у нас ужо хутка – усё.

І зноў “прыляпіўся” да справы. 

Праз паўгадзіны мы засталіся адны ў пакоі. Майстра ўздыхнуў:

          – Якім ён быў волатам! Баюся, гэта праца ўжо на магілу… (Скажу адразу – Міско не памыліўся: жыць Герою заставалася некалькі тыдняў…).

          – Дык няўжо вы ляпілі з натуры?

          – Што вы! З ранейшых фотаздымкаў, а зараз толькі рукамі “варажыў”, каб хворага хоць трохі падтрымаць, мо мая ўвага на нейкі час працягне ягонае жыццё…

Іван Міско трохі расказаў пра сябе. Нарадзіўся ў лютым 1932 года на Слонімшчыне. Ужо ў маленстве ён маляваў вугалем ў вуглу печы. Вучыўся майстэрству і насычаўся іх творчасцю ў такіх асобаў, як Аляксей Глебаў, Андрэй Бембель, Заір Азгур. У газеце не хопіць месца, каб назваць усе іх дасягненні.

Зараз Іван Якімавіч і сам мае “тытулаў” шмат. Ён – народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, дыпламант Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А. Гагарына і гэтак далей, і гэтак далей…

Разам прайшліся, быццам па музеі, па шырокай майстэрні. Сотні скульптур і бюстаў. Той, хто пабывае тут, абавязкова звярне ўвагу на дзверы, распісаныя аўтографамі знакамітасцяў. Хто толькі не гасцяваў у майстра! 

Сярод скульптурных выяў таксама нямала знаёмых твараў. 

Найперш – гэта “зоркі” Беларусі: артысты Стэфанія Станюта і Мікалай Яроменка, алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Мядзведзь і Алена Бялова, акадэмікі Барыс Кіт і Андрэй Пракапчук, пісьменнікі Янка Маўр і Генадзь Бураўкін, кампазітары Яўген Цікоцкі і Віктар Роўда… Усіх пералічыць – рука стоміцца пісаць! Кожны з іх не аднойчы пазіраваў майстру.

Аднак уяўна вылучаецца сапраўды “зорная” тэма: шматлікія скульптурныя партрэты і медалі ў гонар Герояў Космасу – ад Юрыя Гагарына да сённяшніх дзён. Пачэснае месца ў калекцыі займаюць асобы трох касманаўтаў-землякоў: Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага.

 

Сэрца, падзеленае паміж Зорным і Мінскам

Івана Якімавіча зацікавіла, што ў войску я праходзіў службу на Байкануры. 

          – Калі гэта было?

          – У канцы васьмідзясятых, тады яшчэ запускалі першы і апошні савецкі “чаўнок” “Буран-Энергія” ды паляцеў экіпаж з першым французскім касманаўтам на борце.

          – А-а-а, з Жан-Лу Крэцьенам, – з задавальненнем прамовіў Міско. – Я з ім сустракаўся не аднойчы, ствараючы бюст.

Пра касмічныя палёты ён, здаецца, ведае ўсё ці амаль усё. З гэтай тэмай Іван Якімавіч не развітваецца ўжо сорак гадоў з лішкам. Ён гаворыць:

          – Ніколі не думаў, нават не марыў пабываць у Зорным гарадку. Гэта здавалася мне нерэальным. Але я пачаў збіраць фота касманаўтаў і ўсё, што звязана з імі. Першую сваю работу, партрэт Юрыя Гагарына, зрабіў у дзень яго пахавання, пад гукі жалобнай музыкі. Потым пазнаёміўся з ягонай маці Ганнай Цімафееўнай, ляпіў яе і многіх касманаўтаў, і маё сэрца назаўсёды раздваілася паміж Зорным і Мінскам.

Сяброўства даўно злучыла Міско і Клімука. З той восені 1975 года, калі першы беларускі касманаўт пазіраваў для “брэсцкага” бюста. Тады ён напісаў на фотаздымку, падараваным сябру: “Ваня! Прыемным было знаёмства з табой. Яшчэ больш прыемнае назіранне за тваім творчым парывам, імкненне да нечага новага. Час, праведзены ў тваёй майстэрні, – гэта не толькі час для пазіравання, а і дзеля насычэння сваіх унутраных патрабаванняў. Надзвычай прыемна, што ў тваіх руках гліна ператвараецца ў характар, якому я вельмі зайзрошчу”.

 Клімук не толькі пакінуў свой аўтограф на знакамітых дзверах у майстэрні, але шматкроць запрашаў скульптара ў Зорны. Так нарадзіліся бюсты не толькі савецкіх і расійскіх касманаўтаў, але й падарожнікаў каляземнай арбіты з Англіі, Аўстрыі і Германіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Індыі і Кубы, Афганістана, Сірыі і Японіі, Балгарыі, Румыніі і Польшчы…

          – Вы маеце на ўвазе Гермашэўскага?

          – Так, ляпіў пана Міраслава пасля таго, як ён злятаў у космас разам з Пятром Клімуком.

А я прыгадаў іншую гісторыю, знітаваную з тым палётам. Некалі праз польскі Чырвоны Крыж мой бацька разам з братам Паўлам адшукалі ў горадзе Радам пахаванне свайго бацькі Мацвея Усцінавіча, што загінуў у студзені сорак пятага пад Варшавай. Прывезлі, каб усталяваць, надмагільную пліту. На вялізных радамскіх кладах савецкіх воінаў тады стаяў толькі адзін помнік – у памяць пра іншага берасцейца бацьку касманаўта Ілью Клімука, створаны палякамі, удзячнымі за савецка-польскае касмічнае сяброўства…

 

Гарыць святло!

          У лютым хутка вечарэла. Майстар запаліў святло. На развітанне я пацікавіўся:

          – Усё ж, каго вам больш падабаецца ляпіць?

          – Вядома, жанчын, – засмяяўся скульптар.

Сапраўды, з асаблівай любасцю ён ствараў скульптурную групу “Маці герояў” (з выявамі Марфы Клімук, Ганны Гагарынай, Настассі Купрыянавай і Вольгі Кавалёнак), не аднойчы майстру пазіравала англійская касманаўтка Хэлен Шарман, а францужанцы Кладзі Андрэ-Дээ беларускі мастак “уплёў” у валасы зоркі… Найбольш мяне ўразіў партрэт беларускай фехтавальшчыцы Алены Бяловай. Валасы алімпійскай чэмпіёнкі былі створаны з прыроднага матэрыялу – дравеснай чагі.

Вось такі ён, вынаходлівы і відушчы Іван Якімавіч Міско!

У “зорнай” майстэрні Івана Міско на відным месцы стаяў амаль дароблены скульптурны партрэт Алега Навіцкага, трэцяга касманаўта – нараджэнца Беларусі. У той час Алег Віктаравіч быў яшчэ на арбіце (у якасці камандзіра міжнароднага расійска-амерыканскага экіпажу). Адтуль – з вышыні зямной “столі” – слаў прывітанні майстру. 

          – Кожны раз здзіўляюся, наколькі развілася тэхніка, – гаварыў Іван Якімавіч. – Перад стартам Алег паабяцаў патэлефанаваць адтуль (і тыцнуў у столю майстэрні). Я думаў, жартуе… А тут сяджу, працую – званок: не, думаю, не буду адрывацца… А тэлефон не сціхае, настойлівы… Бяру трубку і чую: “Пралятаю над Беларуссю, бачу, як у вашым акенцы гарыць святло!” І чутно, нібыта з суседняга пакою!

Што ж, вядома, здалёк яно заўжды лепей відно…

Няхай жа доўга яшчэ свеціцца, няхай ніколі не гасне акенца, у якім гарыць святло творчасці. 

…І мне бывае прыемна і цёпла перачытваць аўтограф, пакінуты рукою стваральніка шматлікіх вобразаў вялікіх і простых людзей, што жылі і жывуць на Зямлі, і тых, хто “штурмуе” касмічныя прасторы. У альбоме, прысвечаным творчасці майстра, Іван Якімавіч напісаў: “На добрую память Анатолию Бензеруку с уважением”.  Памяць захаваю. Дзякуй за павагу!   


      

Автор
Анатоль БЕНЗЯРУК

Комментарии

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!